У Дзярждуме заявілі, што атлусценне расіян адбірае 4% ВУП
22- 13.11.2025, 22:55
- 5,128
Ірына Філатова заявіла, што РФ губляе з-за гэтага трыльёны рублёў.
Атлусценне — гэта не толькі сур'ёзнае захворванне, але і «катастрафічна» вялікая нагрузка на эканоміку краіны. У Расіі жыхары, якія пакутуюць ад гэтага недугу, адбіраюць 4% ВУП — гэта трыльённыя выдаткі на лячэнне, аплату лісткоў непрацаздольнасці і раннюю інвалідызацыю, заявіла дэпутат Дзярждумы Ірына Філатова у прэс-цэнтры НСН.
«Па ацэнках Мінздароўя і профільных аналітыкаў, страты ад станаў, звязаных з атлусценнем, могуць дасягаць каля 4% ВУП. То бок гэта лічбы, якія вымяраюцца трыльёнамі рублёў», — адзначыла парламентарка.
Яна патлумачыла, што гаворка ідзе не толькі пра выдаткі на лячэнне захворвання: атлусценне таксама прыводзіць да ранняй інвалідызацыі, зніжае дэмаграфічныя паказчыкі за кошт павелічэння заўчаснай смяротнасці. Усё гэта ў сукупнасці стварае вялікую нагрузку на сацыяльную сістэму краіны, патлумачыла Філатова. Паводле яе слоў, толькі праз непрацаздольнасць грамадзян з лішняй вагой дзяржава губляе сотні мільярдаў рублёў, што падрывае канкурэнтаздольнасць усёй эканомікі краіны.
Дэпутат таксама прывяла разлікі, паводле якіх непрацаздольнасць людзей з атлусценнем, то бок з індэксам масы цела вышэй за 30, прыводзіць да страт да 400 млрд рублёў.
«Гэта эквівалентна 0,5% ВУП. Для эканомікі краіны — гэта катастрафічныя лічбы», — заключыла парламентарка.