5 снежня 2025, Пятніца, 9:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітай таемна скупляе золата ў рэкордных маштабах

10
Кітай таемна скупляе золата ў рэкордных маштабах

Цэны на метал рэкордна выраслі.

Цэны на золата выраслі да больш як $4300 за унцыю з-за маштабных таемных закупак Кітая, якія значна перавышаюць афіцыйныя даныя. Адзначаецца, што гэта стварае штучны дэфіцыт на рынку і павышае яго валацільнасць, бо трэйдары не могуць прагназаваць рэальны попыт і прапанову.

Пра гэта паведамляе Financial Times. Асноўнай прычынай аналітыкі называюць маштабныя таемныя закупкі Кітая, якія значна перавышаюць афіцыйныя даныя і ствараюць сур'ёзныя цяжкасці для трэйдараў і інвестараў.

Пекін імкнецца дыверсіфікаваць рэзервы, паменшыць залежнасць ад долара ЗША і нарошчвае запасы золата настолькі, што нават найбольш дакладныя прагнозы становяцца ўмоўнымі. Афіцыйная статыстыка выглядае сціпла: за апошнія месяцы Кітай задэклараваў закупкі толькі 1,9–2,2 тоны ў месяц, што не адпавядае рэальнаму попыту.

Эксперты, аналізуючы даныя таргоў, мяркуюць, што фактычныя закупкі Кітая ў гэтым годзе могуць дасягаць 250 тон, што складае больш за траціну сусветнага попыту з боку цэнтральных банкаў. Такія незадэклараваныя пакупкі ствараюць складанасці для трэйдараў, якія не могуць прагназаваць рух цэн на ключавы каштоўны метал.

«Кітай купляе золата ў рамках стратэгіі дэдалярызацыі», — адзначае Джэф Карры, дырэктар па стратэгічных напрамках у Carlyle. Ён адзначае, што, у адрозненне ад нафты, якую можна адсочваць спадарожнікамі, золата немагчыма адсачыць.

З-за недаверу да афіцыйнай статыстыкі трэйдары вымушаныя выкарыстоўваць ускосныя індыкатары для ацэнкі рэальнага попыту. Сярод іх — заказы на 400-унцовыя зліткі, якія звычайна купляюць цэнтральныя банкі, і даныя па экспарце золата з Лондана ў Кітай. Выкарыстоўваючы такія метады, аналітыкі Société Générale і разлічылі патэнцыйны імпарт у 250 тон у год.

Іншыя ацэнкі яшчэ вышэйшыя. Так, пекінская кансалтынгавая кампанія Plenum Research разлічыла «дэфіцыт» золата, які складае больш за 1300 тон у год, што ў шэсць разоў перавышае заяўленыя Кітаем аб'ёмы. Акрамя таго, Кітай з'яўляецца адным з найбуйнейшых сусветных вытворцаў золата — каля 10% сусветнай здабычы. Адзначаецца, што гэта дазваляе набываць золата непасрэдна ў уласных здабыўных кампаній, мінаючы міжнародныя рынкі.

Сітуацыя Кітая з'яўляецца часткай глабальнага трэнду, бо цэнтральныя банкі ўсё актыўней скупляюць золата, але робяць гэта патаемна. Паводле даных Сусветнага савета золата (WGC), толькі каля траціны закупак задэклараваныя афіцыйна, у той час як чатыры гады таму гэты паказчык складаў амаль 90%. Цэнтральныя банкі ўтойваюць свае аперацыі, каб не ўплываць на цану золата і з палітычных меркаванняў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках