Вучоныя знайшлі сляды «Атлантыды» ў Кіргізстане
- 14.11.2025, 20:10
- 4,788
Горад знайшлі на дне возера Ісык-Куль.
На дне возера Ісык-Куль у Кіргізстане даследчыкі знайшлі сляды «затопленага горада», падобнага да легендарнай Атлантыды са старажытнагрэчаскіх міфаў. На думку вучоных, гэта буйное гандлёвае паселішча, якое было страчана ў выніку катастрофы ў XV стагоддзі.
Пра раскопкі ў кіргізскай «Атлантыдзе» піша 14 лістапада Daily Mail. Паводле слоў даследчыкаў, вялізнае салёнае возера Ісык-Куль істотна паднялося з часоў антычнасці і сярэднявечча, і руіны горада апынуліся пад вадой.
Акружанае гарамі Цянь-Шань, возера Ісык-Куль дасягае амаль 182 км у даўжыню і 60 км у шырыню, а яго максімальная глыбіня — 668 метраў, аднак рэшткі паселішча знаходзяцца зусім няглыбока. Даследчыкі знайшлі пад вадой сляды сярэднявечнага кладбішча, часткі будынкаў з абпаленай цэглы і керамічны посуд. Паводле вучоных, у горадзе маглі быць мусульманскія малітоўні, школы, лазні і, верагодна, млын.
Кіраўнік экспедыцыі, даследчык Нацыянальнай акадэміі навук Кіргізскай Рэспублікі Валерый Колчэнка адзначае, што горад быў буйным гандлёвым паселішчам і быў страчаны ў XV стагоддзі з-за «жахлівай трагедыі», якую па маштабах можна «параўнаць з катастрофай у Пампеях».

«Месца, якое мы даследуем, было горадам або буйным гандлёвым цэнтрам», — сказаў Колчэнка.
Як паведамляе выданне Heritage Daily, падчас раскопак у затопленым комплексе Тору-Айгир на паўночным захадзе Ісык-Куля археолагі даследавалі чатыры падводныя лакацыі каля берага на глыбіні ад аднаго да чатырох метраў.
У першай зоне знайшлі шмат рэшткаў збудаванняў з абпаленай цэглы, адно з якіх мела жорна для памолу збожжа.
У астатніх лакацыях выяўлены сляды мусульманскага некропаля XIII стагоддзя і пабудовы з глінянай цэглы круглай і прамавугольнай формы. У знойдзеных пахаваннях захаваліся традыцыі ісламскіх абрадаў: шкілеты ляжаць тварам на поўнач у кірунку кіблы — гэта кірунак на Меку, дакладней на Каабу, па якім мусульмане накіроўваюць свае малітвы.
Знойдзеныя ўзоры накіраваныя на аналіз для датавання метадам паскаральнай мас-спектраметрыі, які дазволіць вызначыць узрост матэрыялаў.
Журналісты адзначылі, што згубленае паселішча ў Тору-Айгир стаяла на Шаўковым шляху, які злучаў Азію і Еўропу, і было адным з яго важных участкаў. Пасля заняпаду цывілізацыі на гэтую тэрыторыю прыйшлі качавыя народы, а цяпер вакол возера размешчана шмат невялікіх вёсак.
Гісторыю пра затануўшы горад Атлантыду ўпершыню распавёў 2 300 гадоў таму старажытнагрэчаскі філосаф Платон. Афіцыйная навука лічыць яе міфам, аднак некаторыя энтузіясты лічаць, што горад існаваў насамрэч.