5 снежня 2025, Пятніца, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У беларускіх лясах усё яшчэ збіраюць грыбы вёдрамі

У беларускіх лясах усё яшчэ збіраюць грыбы вёдрамі

Грыбны сезон нібыта і не збіраецца заканчвацца.

У Беларусі ўжо лістапад і снег не за гарамі, але грыбны сезон нібыта і не збіраецца заканчвацца. У супольнасцях грыбнікоў з’яўляюцца фота з поўнымі вёдрамі, велізарнымі шляпкамі і свежымі знаходкамі: апенькамі, польскімі грыбамі, зялёнкамі і радоўкамі. Кажуць, калі пашанцуе, па-ранейшаму можна назбіраць лісічак да бульбы, перадае «Белсат».

Вось гэтае вядзерца набралі ў наваколлях Бабруйска 13 лістапада. «З белымі — поўны пралёт, а вось польскіх — мора! Вельмі шмат маленькіх. Ёсць і зялёначкі-падзялёначкі, прыгожыя моцныя сыраежкі, вешанкі, парасоны. Пры жаданні можна набраць маслякоў. Выпадкова знойдзеныя рыжыкі аж вочы задрыжалі. Ох, забылася пра апенькі! Яны дык увогуле ўсюды і паўсюль! І маленькія, і вялікія. Ну, а беленькі — адзін, пойдзе з польскімі ў смажанку для водару хаця б», – напісала мясцовая жыхарка.

13 лістапада, Бабруйскі раён. «Сёння ехала спецыяльна па апенькі. На высечках іх няма або толькі ножкі ад сразаных. Збірала адзінкавыя па лесе. Месцамі апенькаў даволі шмат. Калі браць вялікія, дык тры кошыкі лёгка б атрымалася. Але я брала толькі маленькія і сярэднія. Дарогай сабрала палячкоў-прыгажуноў, трошкі маслякоў, зялёнак і парасонаў. У лесе сёння было цудоўна!» – адзначае другая мясцовая жыхарка.

Сянненскі раён, 13 лістапада. «Пахне завяршэннем грыбнога сезона, але лес яшчэ не адпускае. Дзівілі велізарныя ці то махавікі, ці то польскія на ўзаранай прасеце. Былі зялёнкі і падзялёнкі, лісічкі», – кажа грыбнік.

Польскія грыбы, Брэст, 13 лістапада.

Салігорскі раён, 13 лістапада. «Радаўка штрыхаватая сёння была ў прыярытэце. Сустрэкаў і браў маслякі, растуць апенькі (але нямнога), польскія, трапіўся рыжык і масляк жоўта-буры. У цэлым у нашым рэгіёне грыбы пайшлі на спад», – кажа мясцовы жыхар.

Польскія грыбы, сабраныя 12 лістапада ў Рэчыцы Столінскага раёна.

А гэта ўлоў за 12 лістапада ў Калінкавіцкім раёне. Гаспадыня паказала некаторыя ў разрэзе — чыстыя грыбы.

Уздзенскі раён, 12 лістапада. «Апенькі растуць у лесе, і маленькіх хапае», – кажа мясцовы жыхар.

Судзячы па мностве фотаздымкаў, Бабруйск (і яго наваколле) ў гэты час — грыбная сталіца Беларусі. Вось гэтыя тры вядзерцы былі сабраныя каля Бабруйска 12 лістапада.

Гомельскі раён, 12 лістапада. «Сёння была ў лесе, мама папрасіла адвезці па апенькі. Нібыта і месца знаёмае, а грыбоў амаль няма. Вось і думаю: ці то за выхадныя ўсё выграблі, ці то яны ўжо адыходзяць і іх там проста няма. У ўлове — сыраежкі, польскія белыя грыбы і апенькі, знайшлі з цяжкасцю крыху», – распавяла жанчына.

Старадарожскі раён, 12 лістапада. «Тры гадзіны — прыблізна 40 літраў», – хваліцца грыбнік.

Уздзенскі раён, 12 лістапада. «Апенькі растуць у лесе і маленькіх хапае», – кажа мясцовы жыхар.

Звычайна пік грыбнога сезона прыпадае на жнівень — верасень, але дасведчаныя грыбнікі запэўніваюць: у лес можна хадзіць і ў лістападзе — снежні. Усё залежыць ад надвор’я. Ключавы фактар росту грыбоў — тэмпература паветра. Калі слупок тэрмометра не апускаецца ніжэй за +5…+7 °C, а надвор’е застаецца вільготным, грыбніца працягвае пладаносіць.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках