Стала вядома, якім будзе надвор’е на наступным тыдні
1- 15.11.2025, 18:59
- 3,318
Беларусаў папярэдзілі пра замаразкі і снег.
Вядомы беларускі сіноптык Дзмітрый Рябоў падзяліўся з праўладным АНТ сваім прагнозам на тыдзень з 17 па 23 лістапада 2025 года.
Як адзначыў Рябоў, у пачатку другой паловы лістапада надвор’е будзе становіцца ўсё больш зімовым. Дажджы пачнуць пераходзіць у мокры снег і снег, вятры будуць паўночнымі, а слупкі тэрмометраў усё часцей будуць апускацца ніжэй за нулявую адзнаку. Усё гэта прывядзе ўжо да першых галалёдных з’яў.
Характар надвор’я на пачатку тыдня можна ахарактарызаваць як туманна-вільготны. Чакаюцца кароткачасовыя ападкі, і дажджы ўсё часцей будуць ператварацца ў мокры снег. У начныя і ранішнія гадзіны будзе туманна. Вецер паўночны і паўночна-заходні, умераны. Уначы ад мінус аднаго (на паўночным захадзе Беларусі) да плюс сямі на поўдні.
У панядзелак удзень паветра прагрэецца ад 3 да 9 градусаў, у аўторак будзе крыху прахаладней: ад +1 да +6.
У сярэдзіне тыдня будзе панаваць вобласць павышанага атмасфернага ціску. Гэта азначае, што ападкаў стане менш. Вільготнасць – да 80%. Уначы і раніцай – туман, праўда, слабы, магчымы галалёд. Уначы ў сераду чакаюцца маразы да мінус 5 градусаў. Удзень слупкі тэрмометраў пакажуць да 3 градусаў цяпла.
У другой палове тыдня Беларусь наведаюць чарговыя атмасферныя франты. Вернуцца ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу, за імі паспяшаюцца туман і галалёд. Уначы будзе марозна: ад мінус 1 да мінус 6. Удзень у чацвер чакаецца 3 градусы цяпла, у пятніцу ўдзень – да 2 цяпла.
Характар надвор’я ў выхадныя будзе вызначаць антыцыклон, які прыйдзе з захаду. Абыдзецца без істотных ападкаў. У начныя і ранішнія гадзіны – туман, прычым бачнасць – да 500 метраў. Уначы – ад 2 да 7 градусаў марозу, у суботу ўдзень каля нуля, у нядзелю ўдзень ад 0 да мінус 4 градусаў.