Найбуйнейшы ў Расіі завод крамнію спыніць вытворчасць
1- 17.11.2025, 12:56
- 3,302
На фоне падзення экспарту і стагнацыі эканомікі.
Расійскія прамысловыя гіганты працягваюць скарачаць вытворчасць на фоне запавольвання эканомікі. У панядзелак пра рашэнне спыніць працу з 1 студзеня 2026 года абвясціў належны «Русалу» завод «Кремний» у Шэлехаве Іркуцкай вобласці. У прэс-службе кампаніі паведамілі «РИА Новости», што прычынай стала адсутнасць попыту, паколькі імпартны крамній абыходзіцца значна танней за айчынны, а пастаўкі з-за мяжы растуць. На сусветным рынку расійская прадукцыя таксама не запатрабаваная, адзначылі ў «Русале».
Завод з'яўляецца найбуйнейшым вытворцам крамнію ў краіне. Прадпрыемства ўжо паведаміла ўлады Іркуцкай вобласці пра будучае прыпыненне працы. Яно разлічвае, што чыноўнікі дапамогуць мінімізаваць «сацыяльныя наступствы». Яшчэ адзін завод «Русала» — «Кремний Урал» — працягне працаваць не на поўную магутнасць, дадалі ў прэс-службе. Раней кампанія паведамляла пра планы скараціць вытворчасць крамнію ў 2025 годзе на 35% — да 35 тысяч тон з-за Кітая. У 2024 годзе выпуск склаў 53,4 тысячы тон.
Магутнасць «Кремния» — 34 тысячы тон у год, а «Кремний Урал» — 27 тысяч. Гэтыя заводы — адзіныя вытворцы рафінаванага крамнію ў Расіі. Пры гэтым ёмістасць унутранага рынку складае каля 45 тысяч тон, то-бок пры поўнай загрузцы яны павінны адпраўляць частку прадукцыі на экспарт.
Раней ужо як мінімум дзесяць расійскіх кампаній у горназдабыўным, транспартным сектарах і машынабудаванні вырашылі скараціць працоўны тыдзень, каб зменшыць выдаткі на фоне эканамічных праблем, стагнацыі ўнутранага попыту і падзення экспарту.
З 1 снежня на рэжым няпоўнай занятасці перайдуць супрацоўнікі найбуйнейшага ў свеце вытворцы тытану «ВСМПО-Ависма». Пераважна гэта закране адміністрацыйны персанал. У кампаніі назвалі рашэнне «няпростым», але неабходным для падтрымання «аперацыйнай стабільнасці».
Да канца 2025 года законсервуе цэх нержавеючай сталі і звольніць больш за 300 работнікаў Ашынскі металургічны завод (АМЗ) у Чалябінскай вобласці.
Падобныя рашэнні прынялі вытворца цэменту «Цемрос», вытворца алмазаў «Алроса», чыгуначная манаполія РЖД, Горкаўскі аўтазавод (ГАЗ), КАМАЗ, АўтаВАЗ. Таксама паведамлялася пра пераход на чатырохдзённы працоўны тыдзень Чалябінскага электраметалургічнага камбіната (ЧЭМК) і завода «Трактор».
Акрамя таго, з-за рэзкага падзення попыту зачыніўся цюменскі фанерны завод, які належыць аднаму з вядучых вытворцаў драўніны і паперы ў Расіі — кампаніі «Свеза».