Зборная Беларусі другі раз запар згуляла ўнічыю з моцным супернікам
2- 19.11.2025, 9:55
- 2,832
Для беларусаў гэта другі запар умоўна станоўчы вынік адборачнай кампаніі.
Сёння ўначы зборная Беларусі згуляла унічыю са зборнай Грэцыі. За 90 хвілін ніводнай з каманд так і не ўдалося вызначыцца — сустрэча завершылася з лікам 0:0.
Для беларусаў гэта другі запар умоўна станоўчы вынік пасля цяжкага старту адборачнай кампаніі. Да гэтага каманда змагла згуляць унічыю з дацянамі (2:2). Нагадаем, што ў першай асабістай сустрэчы менавіта грэкі здабылі ўпэўненую перамогу — 5:1.
— Згодны з тым, што сёння мы былі лепшыя за Грэцыю, былі бліжэй да перамогі. Так, у суперніка таксама былі моманты, было пападанне ў штангу, але ў цэлым мы гралі лепш. Я задаволены тым, як дзейнічала каманда. Задаволены, як мы правялі апошнія тры гульні, якія паказалі, што розніца ў класе не такая вялікая, як гэта выглядала на старце кваліфікацыі. Мы істотна выраслі. Так, мы няўдала пачалі адборачны цыкл, гэта трэба прызнаць, але апошнія тры гульні ўселяюць аптымізм. Лепшы момант восені? Нічыя з Даніяй, напэўна. Добра тады згулялі, дабіліся добрага выніку, — падвёў вынікі ўсіх сустрэч галоўны трэнер Карлос Алос у каментары для АБФФ.
Нягледзячы на прыкметнае паляпшэнне вынікаў, шанцаў выйсці ў фінальную частку чэмпіянату свету ў зборнай Беларусі ўжо не было.
Каманда завяршыла адбор на апошнім, чацвёртым месцы групы, набраўшы два ачкі ў шасці матчах. Прамую пуцёўку на ЧС-2026 атрымала зборная Шатландыі, адзіная, што двойчы перамагла беларусаў. Данія паспрачаецца за выхад праз стыкавыя матчы.