На Марсе знайшлі аб’ект, якога там быць не павінна
2- 19.11.2025, 14:59
- 9,340
Навукоўцы збянтэжаныя.
Ужо больш за пяць гадоў марсаход NASA Perseverance працягвае сваё даследчае падарожжа па паверхні Чырвонай планеты і працягвае рабіць дзівосныя адкрыцці. Так нядаўна, спыніўшыся, каб разгледзець чарговы камень, ён знайшоў тое, чаго, здавалася б, на паверхні Марса быць не павінна.
Як піша выданне ScienceAlert, навукоўцы ўжо ламаюць сабе галаву, як гэты прадмет увогуле мог апынуцца ў такім месцы. Бо, здаецца, што ён мае не марсіянскае паходжанне.
Камень шырынёй 80 см, знойдзены ў раёне Вернодден, што ў кратары Езера, атрымаў назву Фіпсаксла. У распараджэнні NASA ёсць два яго фота — зблізку і на пэўнай адлегласці.
Што робіць Фіпсаксла свайго кшталту чужаком у сваім геалагічным раёне, дык гэта яго склад. Аналіз паказвае, што камень багаты на жалеза і нікель. Гэта азначае, што ён не заўсёды быў на Марсе і фактычна з’яўляецца метэарытам, які калісьці ў мінулым урэзаўся ў планету.
Куды радзей, чым іх камяністыя сваякі, жалеза-нікелевыя метэарыты звычайна ўтвараюцца з ядра буйных астэроідаў. Гэтыя астэроіды ўтварыліся, калі цяжкія мінералы апускаліся ў сэрца разагрэтых парод у раннія перыяды існавання Сонечнай сістэмы.

Навукоўцы NASA ўпершыню звярнулі ўвагу на дадзены камень праз яго ўнікальную форму. Ён здаецца буйнейшым і стаіць вышэй за іншыя ў яго атачэнні, увагу прыцягваюць і яго абрысы. Perseverance зрабіў пару здымкаў цікавага камяня з дапамогай адной з перадавых камер Mastcam-Z, замацаваных на яго мачце.
Ровер выкарыстоўваў лазеры і спектраметры свайго прыбора SuperCam (вымярэнне даўжынь хваль святла), каб прааналізаваць хімічны склад Фіпсаксалы. Так удалося выявіць утрыманне ў ім жалеза і нікелю.
Хоць Фіпсаксала можа быць далёкім гасцём з космасу, яго прысутнасць у раёне Вернодден кратара Езера можа быць не зусім нечаканай. Жалеза-нікелевыя метэарыты ўжо знаходзілі ў іншых месцах на Марсе. Нечаканым з’яўляецца тое, што Perseverance раней ні на адзін з іх не натыкаўся.
Далейшы аналіз павінен устанавіць, ці сапраўды гэта метэарыт, які апынуўся на паверхні Марса. Калі так, знаходка Perseverance можа даць даследчыкам больш падказак пра Чырвоную планету і яе гісторыю.
Як вядома, ровер — першае падобнае прыстасаванне, якое збірае ўзоры марсіянскіх парод. Ён робіць гэта з дапамогай усталяванага на ім свідра. Мініятурная лабараторыя, убудаваная ў марсаход, дазваляе даследчыкам больш дэталёва разгледзець гэтыя ўзоры і вызначыць іх паходжанне.
Калі NASA вырашыць, што частку Фіпсаксалы варта даставіць на Зямлю, узоры можна будзе захоўваць для будучай транспарціроўкі. Праўда, для гэтага давядзецца скіроўваць на Чырвоную планету іншы касмічны апарат — Perseverance не можа самастойна адправіць ніводную са сваіх калекцый парод дадому.
Марсаход дасягнуў немалых поспехаў з моманту пасадкі на Марс у лютым 2021 года. Ён падарожнічаў вакол старажытных азёрных утварэнняў, выявіў захапляльныя пароды на паверхні і знайшоў прыкметы таго, што жыццё, магчыма, калісьці існавала на планеце. Таксама прылада перадала на Зямлю падрабязны агляд некаторых асаблівасцяў марсіянскага ландшафту, уключаючы вулканы. Атрымаць такую карціну з нашай планеты было немагчыма нават з дапамогай самых магутных тэлескопаў.
Perseverance нават усталяваў новы рэкорд для падарожжаў на іншай планеце. Навукоўцы чакаюць атрымаць ад яго яшчэ нямала важных звестак, бо ў яго няма ўстаноўленай даты заканчэння місіі.