5 снежня 2025, Пятніца, 7:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Румыніі знайшлі найстаражытнейшае масавае скупчэнне кастак дыназаўраў

У Румыніі знайшлі найстаражытнейшае масавае скупчэнне кастак дыназаўраў

Знаходцы — 72 мільёны гадоў.

Венгерска-румынская група вучоных выявіла ў басейне Хацэг (Румынія) рэкорднае скупчэнне кастак дыназаўраў — больш за сотню акамянеласцяў на квадратны метр. На ўчастку пад кодавай назвай К2 таксама знойдзены рэшткі амфібій, чарапах, крокадзілаў і млекакормячых. Вынікі даследавання апублікаваны ў часопісе PLOS ONE.

Басейн Хацэг ужо больш за стагоддзе з’яўляецца палеанталагічным арыенцірам сусветнага ўзроўню. Аднак, нягледзячы на мноства раскопак, рэшткі дыназаўраў традыцыйна лічыліся адносна рэдкімі ў гэтым рэгіёне. Новае адкрыццё абвяргае гэтае ўяўленне. У слоі плошчай менш за пяць квадратных метраў даследчыкі зафіксавалі звыш 800 акамянеласцяў хрыбетных, пры гэтым буйныя косткі дыназаўраў ляжалі шчыльна адна каля адной, утвараючы бяспрэцэдэнтна шчыльнае пахаванне.

«Месцазнаходжанне К2 было выяўлена ўжо ў першыя дні палявых работ у 2019 годзе. На паверхні гліністых слаёў былі заўважаныя дзесяткі буйных чорных костак, выключна добра захаваных. За некалькі гадоў раскопак удалося сабраць унікальную калекцыю, што ўключае як ізаляваныя косткі, так і часткова счлененыя шкілеты», — удакладняе кіраўнік каманды Габор Ботфалваі, дацэнт Універсітэта імя Лоранда Этвеша.

Палеантолагі мяркуюць, што пахаванне сфармавалася каля 72 млн гадоў таму. Тады рэгіён перасякалі перасыхальныя рэчышчы рэк, якія перыядычна выходзілі з берагоў пасля праліўных дажджоў. Патокі вады пераносілі трупы і рэшткі жывёл з узвышшаў на нізінныя ўчасткі, ствараючы шчыльныя скупленні касцянога матэрыялу.

Асаблівую каштоўнасць маюць счлененыя шкілеты двух відаў траваедных дыназаўраў. Сярод іх — двухногі рабдадонтыд даўжынёй каля двух метраў, адзін з найбольш распаўсюджаных відаў Хацэга. Галоўнае адкрыццё — часткова захаваны шкілет тытаназаўра-заўрапода, у такой паўнаце прадстаўлены ў Трансільваніі ўпершыню. Яго аналіз дазволіць удакладніць таксаномію (арганізацыю) роду і пашырыць уяўленні пра фаўну познякрэдавай Еўропы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках