Біткойн пайшоў у штопар, страціўшы 10% за дзень
20- 21.11.2025, 16:24
- 6,384
Такога глыбокага прасядання не было з чэрвеня 2022 года.
Курс біткойна за апошні тыдзень упаў на 17%. Толькі за апошнія 24 гадзіны, паводле дадзеных CoinMarketCap, яго кошт падаў больш чым на 10% і апускаўся да ўзроўню $81 000. Другая па папулярнасці крыптавалюта Эфір (Ethereum) таксама ўпала на 10% за суткі і гандлявалася на ўзроўні $2 600. За лістапад першая крыптавалюта патаннела амаль на чвэрць, піша The Moscow Times.
Такога глыбокага прасядання не было з чэрвеня 2022 года — перыяду, калі рынак апынуўся пад ціскам серыі гучных банкруцтваў і наступнага краху крыптабіржы FTX Сэма Бэнкмана-Фрыда. Зараз біткойн рухаецца да найгоршага кварталу з 2018 года і, магчыма, да першага ў гісторыі года, які ён закрые з адмоўным вынікам.
Бягучае падзенне крыптавалют удзельнікі рынку тлумачаць рэзкім астуджэннем цікавасці інвестараў да рызыкоўных актываў, адзначае Reuters. З лістападаўскага максімуму індэкс Nasdaq страціў 7,5%. На фоне аслаблення надзей на хуткае зніжэнне стаўкі ФРС інвестары актыўна скарачаюць пазіцыі і ў акцыях тэхналагічнага сектара. Учора на фондавым рынку ЗША адбыўся рэзкі ўнутрыдзённы разварот: асноўныя індэксы ўпалі да мінімуму больш чым за два месяцы. Індэкс Nasdaq упаў на 2,4%, S&P 500 — на 1,6%, рыначная вартасць акцый зменшылася на $2,7 трлн.
Сітуацыю ўскладняюць рэкордныя «маржын-колы» на рынку крыпты гэтай восенню. 10 кастрычніка рынак ужо перажыў прымусовае закрыццё пазіцый на суму $19 млрд. За апошнія суткі ліквідацыі дасягнулі яшчэ $2 млрд. Паводле дадзеных CoinGecko, за шэсць тыдняў сукупная капіталізацыя лічбавых актываў скарацілася прыкладна на $1,2 трлн. З крыптаактываў выходзяць інстытуцыйныя інвестары. Па стане на 20 лістапада чысты адток сродкаў з амерыканскіх біржавых фондаў (ETF), арыентаваных на крыптавалюты, склаў $903 млн. Гэта другі па велічыні сутачны адток з моманту запуску такіх фондаў у студзені 2024 года.