Сырскі распавёў пра поспехі контрнаступу Узброеных Сіл Украіны на Данбасе
- 21.11.2025, 23:33
- 6,002
Украінскія воіны «мінусанулі» 13 тысяч расійскіх акупантаў.
У перыяд з жніўня па кастрычнік гэтага года ўкраінскія абаронцы праводзілі контрнаступальныя дзеянні на Данбасе. У выніку страты Расіі склалі больш за 13 тысяч вайскоўцаў забітымі і параненымі.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на паведамленне галоўнакамандуючага Узброеных Сіл Украіны Аляксандра Сырскага.
Генерал выступіў у фармаце відэасувязі на пасяджэнні Еўрапейскага Ваеннага камітэта пад старшынствам генерала Шона Кленсі. Падчас выступу Сырскі распавёў пра актуальную сітуацыю на фронце.
«Аператыўна-стратэгічная абстаноўка застаецца складанай. Вораг працягвае наносіць удары па населеных пунктах Украіны, аб'ектах энергетычнай інфраструктуры і ўзмацняе наступальныя дзеянні ўздоўж лініі судакранання», — сказаў ён.
Па словах галоўнакамандуючага Узброеных Сіл Украіны, за ўвесь час вайны краіна-агрэсар запусціла па Украіне больш за 112 тысяч дронаў-камікадзэ тыпу «Шахед». Асноўныя мэты расіян — грамадзянская інфраструктура і жылыя дамы, што прывяло да ахвяр сярод мірнага насельніцтва.
З канца жніўня па кастрычнік 2025 года Сілы абароны правялі контрнаступальныя дзеянні на Добрапольскім напрамку.
«У выніку падраздзяленні рассяклі наступальную групоўку праціўніка і вызвалілі больш за 430 квадратных кіламетраў на поўнач ад Пакроўска. Страты расіян склалі больш за 13 тысяч забітых і параненых», — распавёў Сырскі.
Ён таксама падзякаваў за рэалізацыю ініцыятывы PURL. Генерал падкрэсліў, што яна надзвычай важная для абароны ўкраінцаў і крытычнай інфраструктуры, а таксама падтрымкі Сіл абароны на фронце.