Мінскае метро засвяцілася ў канадскім фільме 20‑гадовай даўніны
2- 21.11.2025, 23:39
- 7,470
Якая станцыя трапіла ў кадр?
Мінскі метрапалітэн падзяліўся ў сваім тэлеграм-канале відэафрагментам з канадскага фільма Nature Unleashed: Earthquake («Землятрус»), які выйшаў у 2005 годзе. Хоць стужку называюць канадскай, у яе вытворчасці ўдзельнічалі кампаніі з Канады, Літвы і Вялікабрытаніі. Метрапалітэн прапанаваў падпісчыкам даведацца, якая менавіта станцыя трапіла ў кадр, піша Blizko.by.
У фільме сапраўды можна заўважыць адразу некалькі мінскіх станцый. Спачатку галоўная гераіня заходзіць у цягнік на станцыі «Маскоўская». Але ўжо ўнутры вагона па гучнай сувязі абвяшчаюць зусім іншыя станцыі: «Акадэмія навук», далей — «Парк Чалюскінцаў». У рэальным мінскім метро парадак станцый іншы, таму гэта выглядае даволі кур'ёзна.
У вагоне таксама можна заўважыць схемы ліній мінскага метро, а побач — яшчэ адну схему, падобную да маскоўскага метро. Калі цягнік ад’язджае, сцэна ўжо пераносіцца на станцыю «Парк Чалюскінцаў», што яшчэ раз пацвярджае, што стваральнікі фільма выкарыстоўвалі розныя здымкі і не дбалі пра адпаведнасць рэчаіснасці.
Паводле сюжэту, падзеі адбываюцца ў выдуманым расійскім горадзе Касурск — нібыта горадзе вучоных-ядзершчыкаў. Пры гэтым горад размешчаны ў сейсмічна небяспечнай зоне, дзе адбываецца магутны землятрус.
Дарэчы, фільм атрымаў вельмі нізкія рэйтынгі ад гледачоў: 3,7 з 10 на IMDb і 3,9 з 10 на сайце «Кінапошук». Таму з’яўленне мінскага метро ў такой стужцы многім падалося хутчэй забаўным, чым ганаровым.