«Увесь горад стане ў заторах»
8- 22.11.2025, 19:32
- 9,292
Берасцейцы ў шоку ад ідэй па замяшчэнні маршрутак у горадзе.
Дырэктар «Брэстгартранса» Аляксей Жогал заявіў, што ў горадзе плануюць паступова замяняць маршруты экспрэснага паведамлення грамадскім транспартам.
Чыноўнік расказаў журналістам абласнога праўладнага выдання пра замяшчэнне маршрутаў экспрэснага паведамлення грамадскім транспартам.
Відавочна, ініцыятыва «Брэстгартранса» звязаная з указаннем Лукашэнкі пра скарачэнне колькасці маршрутак і іх замяшчэнне «транспартам агульнага карыстання». Для чыноўнікаў гэта пытанне «загаду зверху», а для жыхароў горада — патэнцыйная праблема. Мясцовыя баяцца, што планы будуць выконвацца фармальна, а сапраўдныя зручнасці для гараджан ніхто не ўлічвае.
У каментарыях пад навінай берасцейцы адразу звярнулі ўвагу: тралейбус №102А ходзіць раз на гадзіну, у той час як маршрутка №9 — кожныя 8–10 хвілін. У гадзіну пік чаканне аднаго тралейбуса можа ператварыцца ў сапраўдную катастрофу для гараджан, якія едуць на працу, у школы або крамы, піша BG-media.
«Маршрутка 9 ходзіць кожныя 8 хвілін, а тралейбус — раз на гадзіну. План замяшчэння — выдатны… толькі не для жыхароў!».
«Тралейбусны маршрут — гэта добра, але ён ездзіць некалькі разоў на дзень. І ў выхадныя, наколькі я ведаю, ён не ходзіць».
«Вы хоць бачылі, колькі разоў на дзень ходзіць гэты ваш маршрут №102А? Навошта выдумляць ровар? Ёсць аўтобус, ёсць маршрутка, мне зручней на маршрутцы — хутчэй, больш камфортна, зручней. Чаму б вам, чыноўнікам, не перасесці на грамадскі транспарт? І паглядзелі б, як гэта — з Усходу дабрацца да “Санты”».
Мясцовыя жыхары адзначаюць, што тралейбус «не спраўляецца з нагрузкай», асабліва раніцай і ўвечары, калі паток пасажыраў максімальны. Маршрутка ж, паводле іх слоў, заўсёды была хуткім, зручным і практычным спосабам перамяшчэння па горадзе.
У большасці сваёй берасцейцы выказваюць незадавальненне. Далёка не ўсе згодныя з рашэннем кіраўніцтва «Брэстаўтатранса». І вось чаму.
«Калі прыбраць маршруткі, увесь горад устане ў заторах, аўтобусы не змогуць справіцца з пасажырапатокам».
«Хлопцы, спачатку перасадзіце чыноўнікаў на грамадскі транспарт, няхай адчуюць на сабе, што значыць ездзіць па раскладзе раз на гадзіну».
«Усё для народу, не спытаўшыся ў народу».
«І яшчэ: у аўтобусе, пакуль даедзеш да працы, — змерзнеш. Асабліва раніцай! Вельмі рэдка кіроўца ўключае печку. І давайце не будзем казаць, што доўга аўтобус праграваецца. За гадзіну на маршруце ён павінен ужо быць цёплы».