У Беразіне паранілі супрацоўніка міліцыі
42- 23.11.2025, 19:52
- 29,090
На месца прыехаў кіраўнік МУС Іван Кубракоў.
Увечары 22 лістапада ў Беразіне нарад міліцыі, які прыбыў на выклік, заўважыў на вуліцы мужчыну, які нібыта падыходзіў пад прыкметы разыскванага. Падчас праверкі дакументаў мужчына раптам дастаў нож і нанёс міліцыянеру некалькі ўдараў. Пасля гэтага мужчына ўцёк у лес.
На яго пошукі накіравалі сілы мясцовага РАУС, УУС Мінаблвыканкама, АМАПа і спецпадраздзялення «Алмаз». На месца здарэння выехаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.
Пацярпелага супрацоўніка даставілі ў Рэспубліканскі шпіталь МУС.
Сёння каля 14:30 пошукі завершыліся. Падазраванага знайшлі ў лясным масіве.
Як паведамляла МУС, абвяшчаючы вышук, гэта 47‑гадовы мясцовы жыхар Васіль Малік.
Пры затрыманні, сцвярджае міліцыя, ён аказаў супраціў і пайшоў на міліцыянта з нажом. Па ім стралялі.
Пра стан мужчыны не паведамляецца. МУС піша, што яму аказваюць медыцынскую дапамогу.