5 снежня 2025, Пятніца, 9:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацбанк Польшчы склаў партрэт імігрантаў з Беларусі

2
Нацбанк Польшчы склаў партрэт імігрантаў з Беларусі
Фота: charter97.org

56% з'ехалі з-за палітыкі, 29% дасылаюць грошы на радзіму.

Большасць беларусаў у Польшчы працуе, траціць на бягучыя патрэбы да 80% месячнага заробку і плануе надоўга застацца ў новай краіне. Такія высновы можна зрабіць з дакладу пра жыццёвую сітуацыю беларусаў у Польшчы, апублікаванага Нацбанкам гэтай краіны, піша MOST.

56% апытаных прыехалі ў Польшчу ў 2022 годзе і пазней, 28% — у 2020–21 гадах, і толькі 16% — да пачатку 2020 года.

Хто і чаму прыехаў у Польшчу

Больш за палову апытаных (56%) адзначылі, што пераехалі з-за палітычнай сітуацыі ў Беларусі, а 32% — з эканамічных прычын. Яшчэ 13% прыехалі ў Польшчу вучыцца, і 11% як прычыну ад’езду назвалі ўз’яднанне сям’і.

За апошнія пяць гадоў мэты пераезду ў Польшчу моцна змяніліся. Да канца 2019 года беларусы перабіраліся ў гэтую краіну найперш з эканамічных прычын (45%) і дзеля атрымання адукацыі (29%).

З 2020 года з Беларусі ў Польшчу сталі прыязджаць пераважна палітэмігранты. У 2020–21 гадах 68% усіх імігрантаў з Беларусі апынуліся ў Польшчы з-за палітыкі. Сярод тых, хто прыехаў у краіну ў 2022–2025 гадах, удзельная вага палітэмігрантаў склала 52%.

Пераважна людзі вырашаюцца на пераезд у маладым узросце. 45% апытаных апынуліся не старэйшыя за 34 гады, 35% — ва ўзросце 35–44 гадоў.

Адметнасць беларускай эміграцыі ў тым, што з’язджаюць адукаваныя людзі. У 62% рэспандэнтаў вышэйшая адукацыя, у 20% — сярэдняя спецыяльная.

Як беларусы інтэгруюцца ў польскае грамадства

Беларусы хутка вучаць польскую мову. 15% апытаных адзначылі, што валодаюць ёю бегла, яшчэ 48% ацэньваюць веданне польскай як вельмі добрае. Толькі 1% наогул не ведае мовы, астатнія кажуць, што «трохі разумеюць».

Бацькі, якія прыехалі з дзецьмі, кажуць, што тыя не сутыкаліся з праблемамі ў Польшчы (42%) або мелі праблемы галоўным чынам з-за адсутнасці знаёмых (29%) і незнання мовы (23%). Тым не менш 12% апытаных адзначылі дрэннае стаўленне да іх дзяцей у школе.

Дзе працуюць і колькі зарабляюць беларусы ў Польшчы

64% беларусаў, якія прайшлі анкетаванне, працуюць у Польшчы, і 4% дыстанцыйна выконваюць працу для замежных фірмаў. Яшчэ 14% пачалі ўласную справу. 8% шукаюць працу, і ўсяго 5% характарызуюць сябе як неактыўных у прафесійным плане.

Чым больш стаж іміграцыі, тым вышэйшая занятасць. Сярод тых, хто прыехаў у Польшчу да 2022 года, працуюць па найме або на сябе 89% апытаных. Сярод тых, хто прыехаў у 2022 годзе і пазней, — 86%. Затое яны ахвотней адкрываюць уласны бізнес (20%).

Беларускіх імігрантаў у Польшчы ад іншых замежнікаў адрознівае высокі ўзровень занятасці ў ІТ-сектары (17% усіх занятых). Яшчэ 12% працуюць у транспартнай галіне, 11% заняты адміністрацыйнай працай і 9% працуюць у прамысловасці.

42% апытаных указалі, што зарабляюць у месяц «чыстымі» да 5 тыс. злотых, 14% — больш за 10 тыс. злотых.

Найвышэйшая медыянная зарплата — у ІТ-сектары. Там палова беларусаў атрымлівае больш за 10 тыс. злотых «на рукі». Для параўнання: у транспартнай сферы і ў будаўніцтве медыянная зарплата — каля 5,5 тыс. злотых нетта.

У сярэднім зарплата складае 93% усіх даходаў, якія атрымліваюць беларусы ў Польшчы. Яшчэ 5% даступных рэсурсаў дае дапамога 800+, і 2% прыпадае на іншыя віды даходаў.

На што хапае зарплаты

36% анкетаваных трацяць на бягучыя патрэбы менш за палову месячнай зарплаты. У 46% на жыццё ідзе ад 51% да 80% даходаў. Больш за 80% зарплаты трацяць на бягучыя патрэбы толькі 15% беларусаў, якія жывуць у Польшчы, а 3% пакуль вымушаныя расходваць нават больш, чым зарабляюць.

29% рэспандэнтаў высылаюць грошы ў Беларусь. Гэты паказчык паступова зніжаецца. Папярэдні аналагічны даклад паказваў, што грошы на радзіму перасылаюць 33% беларусаў.

Але большасць з тых, хто пералічвае сродкі, робіць гэта рэдка або не часцей чым раз у два-тры месяцы. Толькі 4% апытаных дасылаюць грошы штомесяц. Палова пералічванняў не перавышае 1 тыс. злотых.

Якія планы ў беларусаў Польшчы

54% рэспандэнтаў хочуць застацца жыць у Польшчы пастаянна, яшчэ 13% — больш чым на год. 30% не вызначыліся з планамі, і толькі 1% плануе цягам года вярнуцца ў Беларусь. Столькі ж выхадцаў з Беларусі маюць намер пераехаць з Польшчы ў іншую краіну.

Найчасцей надоўга плануюць застацца ў Польшчы тыя, хто не можа вярнуцца на радзіму з-за рызыкі рэпрэсій.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках