5 снежня 2025, Пятніца, 7:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адзін з сузаснавальнікаў «Лукойла» прадаў сваю долю ў кампаніі

3
Адзін з сузаснавальнікаў «Лукойла» прадаў сваю долю ў кампаніі
Леанід Федун

У Reuters раскрылі падрабязнасці ўгоды.

Сузаснавальнік «Лукойла» Леанід Федун поўнасцю прадаў сваю долю ў расійскай нафтавай кампаніі. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на тры інфармаваныя крыніцы, знаёмыя з падрабязнасцямі ўгоды.

Паводле звестак агенцтва, Федун, ураджэнец Украіны і рэзідэнт Манака, на пачатку 2025 года прадаў належны яму пакет акцый (каля 10%) назад «Лукойлу». Кошт долі Reuters ацэньвае прыкладна ў $7 млрд, аднак незразумела, ці была выплачаная мільярдэру менавіта гэтая сума.

Forbes у красавіку 2025 года ацэньваў стан бізнесмена ў 10,4 млрд долараў, што дазваляла яму займаць 13-е месца сярод найбагатых расіян.

Леанід Федун займаў пасаду віцэ-прэзідэнта «Лукойла» з 1996 года і пакінуў яе ў 2022-м — пасля пачатку вайны ва Украіне. У прэс-службе кампаніі сцвярджалі, што рашэнне было прынята «ў сувязі з дасягненнем пенсійнага ўзросту і сямейнымі абставінамі». У тым жа годзе Федун прадаў сваю долю ў футбольным клубе «Спартак».

Іншы сузаснавальнік «Лукойла» — Вагіт Алекпераў — таксама сышоў з кіраўніцтва кампаніі ў 2022 годзе, пакінуўшы пасаду генеральнага дырэктара пасля ўвядзення супраць яго санкцый Вялікабрытаніяй і Аўстраліяй. Як адзначаюць тры крыніцы Reuters, Алекпераў пасля сыходу працягвае нефармальна ўплываць на працу «Лукойла», тады як Федун цалкам адышоў ад спраў.

Сам Леанід Федун у санкцыйныя спісы, звязаныя з вайной ва Украіне, не трапіў. Аднак у 2017 годзе Мінфін ЗША ўнёс у чорны спіс яго сумесную з Алекперавым інвестыцыйную кампанію «ІФД Капіталъ» (цяпер АТ «Капітал») за валоданне гатэлем Riviera Sunrise Resort & Spa ў анексаваным Крыме.

ЗША напрыканцы кастрычніка ўвялі санкцыі непасрэдна супраць «Лукойла» і «Раснафты», растлумачыўшы гэта адмовай Уладзіміра Пуціна спыніць вайну. Абмежаванні закранулі і ўсе даччыныя прадпрыемствы, дзе кампанія валодае больш як 50%. Мінфін ЗША абавязаў завяршыць аперацыі з арганізацыямі, што трапілі пад санкцыі, да 21 лістапада, пазней падаўжыўшы частку ліцэнзій да 13 снежня.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках