У Беларусь прыйшоў асабліва заразны мутаваны вірус грыпу
4- 26.11.2025, 21:43
- 13,028
Чым небяспечны H3N2.
У 2025-м сезон грыпу пачаўся значна раней звычайнага, прычым адразу ў некалькіх краінах свету, калі параўноўваць з папярэднімі гадамі. Рост захворвальнасці ў апошнія тыдні звязаны з падтыпам найбольш распаўсюджанага віруса грыпу A — H3N2. У папярэднія сезоны ён не дамінаваў, але цяпер хутка распаўсюджваецца і выяўляецца на ўсіх кантынентах.
Свежыя даныя з Вялікабрытаніі, Канады і Японіі паказваюць рост колькасці заражэнняў менавіта вірусам A (H3N2). І яны ўжо складаюць значную частку ўсіх выпадкаў захворвання на грып у некаторых краінах. У Беларусі пакуль рэгіструюцца адзінкавыя выпадкі — але гэта не падстава губляць пільнасць.
Чым небяспечны H3N2
H3N2 — гэта новы штам грыпу A, які, паводле даных Еўрапейскага цэнтра прафілактыкі і кантролю захворванняў, цяпер складае трэць усіх падтыпаў віруса A ў свеце і амаль палову — у Еўрапейскім саюзе.
У Беларусі пакуль, як паведамляе Мінздароўя, назіраецца цыркуляцыя негрыпозных рэспіраторных вірусаў — адэна-, рынавірусаў і іншых. Аднак ужо рэгіструюцца і выпадкі грыпу A — у тым ліку падтыпу H3N2 — у непрышчэпленых пацыентаў і пацыентак. Вакцынацыя ад грыпу тым часам працягваецца.
У Беларусі цяпер выкарыстоўваюць тры вакцыны: расійская «Грыппол Плюс» (яе робяць за кошт бюджэту), а таксама нідэрландская «Інфлювак Тэтра» і французская «Ваксигрып Тэтра» (іх можна зрабіць за ўласныя грошы). Як казала намесніца галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алла Дашкевіч, усе прэпараты, што выкарыстоўваюцца ў гэтым сезоне, утрымліваюць «актуальны штамавы склад вірусаў» грыпу.
— У параўнанні з мінулым годам у складзе вакцыны адбыліся змены па адным з кампанентаў — па вірусе грыпу H3N2. То бок вакцына, якая выкарыстоўваецца сёлета, абноўленая, актуалізаваная, — удакладняе яна.
Абнаўляць вакцыну ад грыпу трэба, бо варыянты асноўных тыпаў яго вірусаў, што цыркулююць па ўсім свеце, пастаянна эвалюцыянуюць. Гэты працэс называецца антыгенным дрэйфам — падрабязней пра яго «Zerkalo» распавядала педыятр Майя Тэрэкулова. Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўважліва адсочвае, якія вірусы грыпу цыркулююць у свеце, каб спрагназаваць, якія штамы варта выкарыстоўваць для вырабу вакцын на наступны сезон.
— Іншы раз вірусы грыпу працягваюць эвалюцыянаваць ужо пасля таго, як штамы для вакцын былі выбраныя і самі вакцыны выраблены. Гэта азначае, што цыркулявалыя вірусы ўжо не так падобныя да вакцынных, як хацелася б. Менавіта гэта і адбылося ў дачыненні да аднаго з вірусаў — падтыпу H3N2, уключанага ў прэпараты, што выкарыстоўваюцца ў Паўночным паўшар'і (у тым ліку і ў Беларусі. — Заўв. рэд.) у гэтым сезоне, — тлумачаць у Агенцтве па бяспецы ў сферы аховы здароўя Вялікабрытаніі.
Група даследчыкаў з Кітая і Аўстраліі дадае: падобныя мутацыі робяць вірус не па зубах для імунітэту, што ўзнік пасля ўжо перанесенай інфекцыі або ў выніку прышчэпкі. У выніку — гэта прыводзіць да росту захворвальнасці і нават смяротнасці ад грыпу.
Амерыканскія вучоныя, са свайго боку, падрабязней тлумачаць, што імунная сістэма змагаецца з грыпам, распазнаючы два бялкі на паверхні віруса — так званыя антыгены — гемаглютынін і нейрамінідазу. Аднак мутацыі ў генах, якія кадуюць гэтыя бялкі, могуць змяняць іх настолькі, што імунная сістэма перастае іх распазнаваць, дазваляючы вірусу абыходзіць абарону.
У гэтым сезоне дамінуе субклад K — гэта значыць падтып — штаму H3N2, які з'явіўся ўжо пасля стварэння вакцыны. Менавіта ён і стаў прычынай усплёску захворвальнасці ў некаторых краінах.
Упершыню субклад K выявілі ў чэрвені. Генетычны аналіз паказаў, што гэта нашчадак штаму, які ў першай палове 2025 года стаў прычынай наймацнейшага сезона грыпу ў гісторыі Аўстраліі. Ён аказаўся нават горшы за вясну 2024-га, якая таксама была рэкорднай па захворвальнасці (сезон грыпу ў Паўднёвым паўшар'і прыпадае на нашы вясну — лета).
Урачы ж нагадваюць, што грыпозныя інфекцыі — гэта не тое самае, што прастуда. Яны могуць павышаць рызыку такіх ускладненняў, як інфекцыі вуха і сінусіт (запаленне пазух носа), а таксама больш сур'ёзных — пнеўманіі, шпіталізацыі і нават смерці, калі не лячыцца або пачаць лячэнне занадта позна.
Ці ёсць сэнс рабіць прышчэпку ў такім разе
Нягледзячы на пастаянныя мутацыі віруса, прышчэпка ад грыпу ўсё роўна добра зніжае рызыкі, падкрэсліваюць у Агенцтве па бяспецы ў сферы аховы здароўя Вялікабрытаніі.
— Наш аналіз паказвае, што вакцыны гэтага сезона эфектыўна абараняюць ад цяжкага цячэння грыпу, — кажуць там.
Паводле даных агенцтва, дзеці, якім зрабілі прышчэпку, прыкладна на 70−75% радзей маюць патрэбу ў шпіталізацыі або звароце ў бальніцу з грыпам, а дарослыя — прыкладна на 30−40%. Эфектыўнасць вакцыны супраць грыпу вагаецца ад сезона да сезона, але звычайна складае ад 30 да 60%. Пры гэтым больш высокая эфектыўнасць прышчэпкі, як правіла, назіраецца ў больш маладых узроставых групах — што і тлумачыць лепшую статыстыку ў дзяцей.
У Еўрапейскім цэнтры прафілактыкі і кантролю захворванняў пакуль ацэньваюць рызыку цяжкіх выпадкаў грыпу як умераную. Найбольш яна высокая ў людзей старэйшых за 65 гадоў, у тых, хто пакутуе на хранічныя захворванні або мае аслаблены імунітэт, а таксама ў цяжарных.
— Вірус A (H3N2) у апошнія гады не дамінаваў, людзі фактычна не кантактавалі з гэтым вірусам, і іх імунітэт мог аслабець. Аднак сералагічных дадзеных (г.зн. дадзеных аналізаў крыві на антыцелы, якія паказваюць узровень імуннай абароны. — Заўв. рэд.) для больш дакладнай ацэнкі пакуль няма, — пішуць у сваім дакладзе эксперты.
Тых, хто яшчэ не зрабіў прышчэпку, заклікаюць усё ж прайсці вакцынацыю, бо з-за зніжэння імунітэту да грыпу ў сувязі з з'яўленнем новага мутаванага падтыпу павышаецца верагоднасць маштабнай успышкі захворвання.
Сімптомы грыпу H3N2
Сімптомы заражэння грыпам часта з'яўляюцца раптоўна і могуць адчувацца вельмі востра, апісваюць медыкі з універсітэцкай бальніцы Stony Brook Medicine (ЗША). Гэтым хвароба адрозніваецца ад прастуды, якая можа працякаць вяла.
Хоць сімптомы грыпу могуць адрознівацца ў розных людзей, ёсць некалькі агульных прыкмет, на якія варта звярнуць увагу. Найбольш распаўсюджаныя з іх:
ліхаманка або адчуванне жару з дрыжыкамі;
пастаянны кашаль;
боль у горле;
насмарк або закладзенасць носа;
цягліцавыя або агульныя болі ў целе;
галаўны боль;
моцная стомленасць або зморанасць;
у некаторых выпадках, асабліва ў дзяцей, магчымыя ваніты і дыярэя.
Вірусы H3N2, як паказала адно карэйскае даследаванне, могуць выклікаць больш высокую тэмпературу, чым іншыя штамы (напрыклад, H1N1).
— Яна выклікае мацнейшае адчуванне дыскамфорту, чым іншыя рэспіраторныя сімптомы, такія як кашаль, мократа або боль у горле. Ліхаманка сустракаецца часцей, чым любыя іншыя сімптомы, у сезон, калі дамінуе штам A (H3N2), — адзначаюць вучоныя, дадаючы, што кашаль і боль у горле для яго, наадварот, менш выяўленыя і могуць нават не з'явіцца.
Вучоныя з расійскага НДІ грыпу таксама адзначаюць, што менавіта гэты штам віруса грыпу A — H3N2 — валодае найвышэйшай здольнасцю мутаваць.