5 снежня 2025, Пятніца, 6:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Амерыканскі вайсковец пакінуў самыя вялікія чайвыя»

2
«Амерыканскі вайсковец пакінуў самыя вялікія чайвыя»

Беларускі футбаліст трэніруе ў Польшчы тры каманды і падпрацоўвае ў таксі.

У Беларусі яго тройчы затрымлівалі пасля выбараў 2020 года, але ён не з’язджаў да апошняга, каб быць побач з дачкой. Сёння футбаліст Яўген Вярэўка жыве ў Познані і актыўна развівае ў горадзе аматарскі спорт. А ў вольны час падпрацоўвае ў таксі. Ён распавёў MOST, чым яму блізкі характар палякаў, ці часта на полі «пасылаюць ва Украіну», як знайсці будучых футбалістаў на запраўцы і за што амерыканскі вайсковец можа заплаціць 150 злотых.

Яўген Вярэўка на пачатку кар’еры займаўся футболам у СДЮШАР «Дынама» (Мінск). Выступаў за клубы з Беларусі, Малдовы і Літвы. Быў галоўным трэнерам каманды «Бяроза» з другой лігі. У 2020 годзе падпісаў ліст за сумленныя выбары.

«Чакаў польскую візу ў Турцыі паўтара года»

У пачатку 2022 года з-за пагрозы новага затрымання Яўгену ўсё ж давялося тэрмінова выехаць з Беларусі — у гэтым дапамог фонд BYSOL. Візы ў яго не было, таму беларус накіраваўся ў Стамбул. Збіраўся далей ляцець у Грузію, але вырашыў застацца ў Турцыі.

— Я хутка запісаўся на падачу на візу ў польскім пасольстве. Але праз некалькі дзён пачалася вайна ва Украіне. Палякі фактычна перасталі са мной камунікаваць, даўшы зразумець, што пытанне можа зацягнуцца. У выніку чакаў [польскую] візу ў Турцыі паўтара года. Думалася ўжо застацца там, пачаў праводзіць індывідуальныя трэніроўкі па футболе, але ўсё ж паехаў у Польшчу.

Вярэўка апынуўся ва Уроцлаве, дзе жыў ягоны добры знаёмы, вядомы самбіст Стэпан Попаў. Яўгену дапамаглі асвоицца на новым месцы, а калі пытанне з легалізацыяй было вырашана, футбаліст пераехаў у Познань.

— Мне наогул падабаецца Польшча: і Кракаў, і Варшава, і Беласток. Познань больш спакойная і кампактная, чым Уроцлаў. Акрамя таго, хацеў быць убаку ад палітычных актыўнасцяў, дэманстрацый, а ва Уроцлаве шмат «зараджаных» беларусаў. Усе і так ведаюць маю пазіцыю — не бачыў сэнсу траціць энергію на нейкія выступы. Каб не крыўдзіць сяброў адмовамі, пераехаў у Познань.

«Палякі больш эмацыйныя, чым беларусы»

Вярэўка кажа, што хоча максімальна інтэгравацца ў польскае грамадства.

— Мне не цікава, што адбываецца ў Беларусі. Я туды ніколі не вярнуся — буду жыць у Польшчы. Краіна на галаву апярэдзіла Беларусь у эканамічным плане. Ды і ў ментальным — тут, напрыклад, не прынята павышаць голас на школьнікаў, зносіны будуюцца на перакананні, а не так, што, маўляў, я галоўны — і кропка.

Яўген заўважае адрозненні ў паводзінах і характары беларусаў і палякаў, але кажа, што апошнія яму блізкія.

— Нашы людзі парадкавыя, сціплыя. Палякі таксама ветлівыя, але больш эмацыйныя. Мне як халерыку гэта блізка. Магу «ўзарвацца» — асабліва на футбольным полі. Палякі раскутаваныя, упэўненыя ў сабе. А беларусы часта заціснутыя і саромеюцца паказаць свае вартасці.

Найцяжэй у эміграцыі Вярэўка называе немагчымасць бачыць дачку Сцяфанію. Менавіта з-за яе ён да апошняга не вырашаўся на выезд. Ёй было паўтара года, калі суразмоўца ўсё ж пакінуў Беларусь.

— У нас была вельмі моцная эмацыйная сувязь… Пакуль не ўдаецца зрабіць для дзіцяці еўрапейскія дакументы. Дачка расце без мяне — гэта баліць.

«Спорт не дазволіў зламацца ў эміграцыі»

Яўген рана завяршыў ігровую кар’еру — у 28 гадоў. Потым ён працаваў галоўным трэнерам у «Бярозе», што выступала ў другой лізе — трэцім па рангу дывізіёне чэмпіянату Беларусі. У 2010 годзе клуб перайменавалі ў «Бяроза-2010» па ініцыятыве вядомага бізнесмена Юрыя Чыжа.

Папрацаваўшы крыху ў абноўленай «Бярозе», Вярэўка неўзабаве надоўга адышоў ад футбола — займаўся бізнесам і грузаперавозкамі. Але ў эміграцыі вырашыў вярнуцца да любімай справы.

— Футбол даў мне вельмі многае. Гэта дысцыпліна, характар, матывацыя. Спорт не дазволіў дэградаваць і зламацца ў эміграцыі, калі накрывала з-за разлукі з дачкой і нявызначанасці будучыні.

Праект у гонар дачкі

У Познані беларус трэніруе аматараў — бярэ гульцоў незалежна ад узросту і ўзроўню падрыхтоўкі. Яго праект стартаваў вясной 2024 года і называецца SPOrT United SV. Апошнія дзве літары — у гонар дачкі Сцяфаніі.

Запісацца на заняткі могуць усе ахвотныя. Вярэўка кажа, што нікому не адмаўляе.

— Хачу на сваім прыкладзе паказаць, што дзякуючы футболу можна быць моцным ментальна, мець добрую якасць жыцця, павысіць дысцыпліну. Падчас трэніровак не цярплю разгыльдзяйства — з-за гэтага нават было пару канфліктаў, калі эмацыйна нешта выказваў падапечным.

Аматары збіраюцца раз або два на тыдзень — часцей не дазваляе асноўная занятасць. За гэты час, паводле слоў Вярэўкі, яны стараюцца ахапіць максімум: практыкаванні, набліжаныя да тых, што выкарыстоўваюць прафесіяналы, працу над тактыкай, фізічную падрыхтоўку, заняткі ў трэнажорнай зале.

— У кожнага свая матывацыя. Напрыклад, у адной з маіх каманд ёсць хлопец з Данбаса. Яму 22 гады. Ён разумее, што ўжо не стане прафесійным футбалістам, але, магчыма, будзе працаваць у футболе. Іншы ўкраінец прызнаўся, што раней рэгулярна выпіваў, а з пачаткам нашых трэніровак кінуў.

У трэнера займаюцца прадстаўнікі розных прафесій — ад тынкоўшчыка да музыкі. Максімальны ўзрост — 47 гадоў. Раней хадзілі і тыя, каму было за 50.

«Усе хочуць абыграць нас»

Тры каманды Яўгена (у адной з якіх ён гуляе сам) выступаюць у чэмпіянаце Познані сярод аматараў. Адначасова на полі знаходзіцца па сем гульцоў.

— Мы дакладна паднялі цікавасць у мясцовых да аматарскага футбола. У чэмпіянаце Познані ўжо шэсць ліг, некаторыя каманды прыцягваюць не толькі прафесійных гульцоў, што не забаронена рэгламентам, але і вопытных трэнераў. На матчы часам нават фанаты ходзяць. І ўсе хочуць абыграць нас!

Большасць гульцоў у SPOrT United SV — украінцы і беларусы. Ёсць расіянін. Паводле слоў суразмоўцы, нязгод «па адчувальных пытаннях» у калектыве няма.

— Перад усімі камандамі майго праекта ставлю турнірныя задачы. Вынік важны для росту.

Крычалі: «Валіце ва Украіну!» А потым выбачаліся

Наймацнейшая каманда беларуса цяпер выступае ў другой лізе, але імкнецца трапіць у першую. Другая каманда, дзе гуляе ён сам, удзельнічае ў трэцяй лізе, а наш трэці калектыў — у шостай.

Вярэўка распавядае, што да яго каманд ставяцца з павагай. Але на эмоцыях палякі могуць сказаць непрыемныя рэчы, у тым ліку абразіць па нацыянальнай прыкмеце.

— Яны часам прымаюць беларусаў за ўкраінцаў, калі чуюць рускую мову. Памятаю, у адной гульні была патасоўка. Нешта не падзялілі на полі — і панеслася. Дык палякі нам крычалі, калі цэнзурна перакласці: «Валіце ва Украіну!» Але тут з гэтым усё вельмі строга: любыя правакацыі, распальванне варожасці недапушчальныя. Каманду могуць дыскваліфікаваць. Да нас пасля матча падыходзіў брамнік супернікаў, выбачаўся за партнёраў. Вырэшылі, што забудзем пра інцыдэнт.

«Вучу сістэмнаму разуменню футбола»

Аматары ўсё аплачваюць самі: арэнду поля, форму, удзел у чэмпіянаце, выезды на міжнародныя турніры. Яўген кажа, што яго асноўны заробак — індывідуальныя трэніроўкі.

— У мяне ёсць дзіцячая група, туды ў асноўным прыходзяць, каб рухацца, загартаваць здароўе. А вось індывідуальна трэнірую тых дзяцей, якія хочуць чагосьці дасягнуць. Вучу іх сістэмнаму разуменню футбола. У асноўным гэтыя хлопцы ўжо ходзяць у клубныя акадэміі. Але ў Польшчы велізарная канкурэнцыя. Каб прабіцца ўверх, некаторыя наймаюць індывідуальных трэнераў і працуюць над дэталямі.

Вярэўку прапаноўвалі купіць франшызу адной іспанскай акадэміі і рыхтаваць для яе дзяцей. Але беларуса больш цікавіць развіццё аматарскага футбола.

— У нас рэгулярна займаюцца чалавек 50, акрамя трох каманд, а каля 250 хаця б раз трэніраваліся. Бачу цікавасць у Познані да майго падыходу, таму мэта — маштабаваць праект. Мне дапамагае адзін трэнер, далей буду рыхтаваць яшчэ пару спецыялістаў, каб засяродзіцца на агульным кіраўніцтве. Хачу, каб мы ахоплівалі хаця б пару тысяч аматараў.

Беларус кажа, што ў яго праект уцягнутыя і некалькі сем’яў. Спачатку сталі трэніравацца дзеці, а потым захацелі гуляць у футбол іх бацькі.

«Амерыканскі вайсковец пакінуў самыя вялікія чайвыя — 150 злотых»

У вольны ад трэніровак і гульняў час Вярэўка падпрацоўвае ў таксі. Але цяпер з-за футбольнай дзейнасці на гэта ўжо амаль няма часу. Па начах Яўген не ездзіць.

— Я талерантны кіроўца. Калі камусьці хочацца паесці або выпіць піва на заднім сядзенні — калі ласка. За ўвесь час толькі адзін раз не заплацілі. Паляк сказаў, што здыме грошы ў банкамаце, і знік. Але я не пераймаюся з-за 20 злотых. У асноўным шанцавала на кліентаў — трапляліся культурныя людзі.

Вярэўка распавядае, што камунікацыі часта дапамагае тое, што людзі бачаць у багажніку футбольныя мячы.

— Памятаю, пагутарылі з адным амерыканскім вайскоўцам. Яго ўразіла мая гісторыя, што вымушана выехаў з краіны, а цяпер трэнірую аматараў і падпрацоўваю ў таксі. Ён, напэўна, пакінуў самыя вялікія чайвыя — 150 злотых. Яшчэ запомнілася, што адзін паляк перад Новым годам перавёў 100 злотых. Па ім было відаць, што гэта просты чалавек — напэўна, рабочы на заводзе. Сказаў мне, каб трымаўся. Было прыемна.

Часам праца ў таксі дапамагала Яўгену знаходзіць новых кліентаў для футбольнага праекта.

— Калісьці сустрэўся з жанчынай на запраўцы. Яна працавала на касе і такая: «О, Вярэўка! Я ведаю пра ваш праект, сочым за ім». Сказала, што ганарыцца суайчыннікам і прывядзе трэніравацца сына. Прывяла. Рэкамендацыі ад беларусаў — найлепшая рэклама ў маім выпадку.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках