Украіна дамовілася пра праграму фінансавання больш чым на $8 мільярдаў
- 27.11.2025, 9:48
- 1,048
МВФ пацвердзіў устойлівасць украінскай эканомікі.
Улады Украіны і Міжнародны валютны фонд (МВФ) дасягнулі дамоўленасці аб новай праграме падтрымкі ў памеры $8,2, якая будзе разлічана на чатыры гады, паведаміла кіраўніца ўрада Украіны Юлія Свірыдэнка. «Гэтая праграма дапаможа прафінансаваць крытычныя выдаткі, захаваць макрафінансавую стабільнасць і прыцягнуць дадатковую знешнюю падтрымку, якая для нас крытычна важная», — напісала Свірыдэнка ў тэлеграм-канале. Яна ўдакладніла, што дамоўленасць яшчэ павінна быць ухвалена Саветам выканаўчых дырэктараў МВФ.
Паводле слоў Свірыдэнкі, падчас абмеркавання новай праграмы МВФ пацвердзіў устойлівасць украінскай эканомікі, нягледзячы на расійскія ўдары па энергетыцы і інфраструктуры. Украіна, са свайго боку, падрыхтавала бюджэт на 2026 год у адпаведнасці з рамкамі новай праграмы МВФ — «з акцэнтам на эфектыўнасць выдаткавання кожнай грыўні», — падкрэсліла прэм'ер-міністр Украіны. Акрамя таго, кіраўніца ўрада адзначыла, што Кіеў працягвае курс на рэформы. У тым ліку ўкраінскія ўлады збіраюцца змагацца з ценявой эканомікай, супрацьдзейнічаць карупцыі і ўзмацняць кіраванне ў дзяржаўным сектары.
Кіраўнік місіі МВФ ва Украіне Гэвін Грэй пацвердзіў дасягненне дамоўленасці. Паводле яго слоў, праграма фінансавай дапамогі накіраваная на падтрыманне макраэканамічнай стабільнасці Украіны, аднаўленне прымальнага ўзроўню запазычанасці, барацьбу з карупцыяй і паляпшэнне кіравання. «Чакаецца, што праграма стане каталізатарам маштабнай знешняй падтрымкі для ліквідацыі разрываў у фінансаванні Украіны», — падкрэсліў Грэй.
Паводле прагнозу МВФ, у базавым варыянце ў 2026–2029 гадах агульны дэфіцыт фінансавання Украіны ацэньваецца прыкладна ў $136,5 млрд. У 2026–2027 гадах Кіеў з улікам існых абавязацельстваў сутыкнецца з дэфіцытам фінансавання каля $63 млрд, падлічылі ў арганізацыі.
Умовай для прадастаўлення фінансавання МВФ з’яўляецца прыняцце Украінай бюджэту на 2026 год, які будзе адпавядаць рамкам праграмы. Таксама Кіеў павінен прыняць меры, каб пазбегнуць неэфектыўных выдаткаў і неабгрунтаваных падатковых льгот, рэалізаваць стратэгію рэструктурызацыі доўгу і актывізаваць намаганні па барацьбе з ухіленнем ад падаткаў. Акрамя таго, праграма прадугледжвае рэформы падатковай і мытнай службаў, прызначэнне новага кіраўніка мытні і ўкараненне ІТ-інфраструктуры для павышэння эфектыўнасці.
Са свайго боку Нацбанк Украіны павінен працягваць намаганні для зніжэння інфляцыі да 5% на працягу трох гадоў, «забяспечваючы пры гэтым большую гібкасць абменнага курса для адаптацыі да фундаментальных фактараў і павышаючы ролю абменнага курса як амартызатара». Паводле даных Bloomberg, МВФ патрабуе ад Кіева дэвальваваць грыўню, каб палепшыць фінансавае становішча краіны за кошт павелічэння даходаў бюджэту. Папярэдняя праграма фінансавання ад МВФ на $15,6 млрд была ўзгоднена ў 2023 годзе.