У Вільнюскім аэрапорце з руляжнай дарожкі з’ехаў самалёт з Варшавы
- 27.11.2025, 12:11
- 1,324
Аэрапорт быў закрыты амаль да ранку.
У Вільнюскім аэрапорце з руляжнай дарожкі з’ехаў самалёт, паведамілі 26 лістапада Літоўскія аэрапорты. Аэрапорт адкрылі ў 3:55 пасля таго, як з руляжнай дарожкі прыбралі самалёт, піша delfi.lt.

«Прычыны, з-за якіх самалёт з’ехаў з руляжнай дарожкі, высвятляць следчыя Міністэрства юстыцыі. Пасля візіту следчых на месца інцыдэнту самалёт прыберуць з руляжнай дарожкі. Пасля гэтага праца аэрапорта адновіцца», — паведамляюць Літоўскія аэрапорты.
Паведамлялася, што з руляжнай дарожкі з’ехаў самалёт, які прыляцеў з Варшавы ў 13:34. Ніхто з пасажыраў не пацярпеў. Спачатку паведамлялася, што аэрапорт будзе закрыты да 17 гадзін, потым закрыццё падоўжылі да 19, затым да 22 гадзін, нарэшце стала вядома, што аэрапорт не будзе працаваць да поўначы, пасля час закрыцця падоўжвалі яшчэ двойчы — да 1-й і да 4-й гадзіны.
Падчас інцыдэнту ў самалёце былі 63 пасажыры і 4 чальцы экіпажа. Генеральны дырэктар Літоўскіх аэрапортаў Сіманас Барткус запэўніў, што работнікі Вільнюскага аэрапорта зрабілі ўсё, каб дарожка, з якой саслізнуў самалёт, была ў добрым стане.
«Не час спекуляваць прычынамі — усё высветліць расследаванне. Не першы самалёт прызямліўся, іншыя ўзляталі, нагляд за дарожкамі вядзецца пастаянна. (...) Заўсёды выконваюцца звычайныя дзеянні, якія патрабуюцца ў зімовы перыяд. Сёння нічога незвычайнага не было. Паводле нашых звестак, прымаліся ўсе неабходныя меры для падтрымання дарожкі ў добрым стане», — сказаў дырэктар.
Паводле яго слоў, пакуль да канца не ясна, колькіх пасажыраў і рэйсаў закрануў гэты інцыдэнт, але гаворка ідзе пра некалькі дзясяткаў. «Нямала самалётаў накіравалі ў іншыя аэрапорты — Коўнас, Рыга, іншыя. Некаторыя кампаніі адклалі рэйсы і чакаюць магчымасці вылету. Гаворка ідзе пра некалькі дзясяткаў рэйсаў», — сказаў Барткус. Ён дадаў, што з пытаннямі кампенсацый пасажыры павінны звяртацца ў свае авіякампаніі.