5 снежня 2025, Пятніца, 6:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы адзначаюць Дзень герояў

2
Беларусы адзначаюць Дзень герояў

Сёння спаўняецца 105 гадоў ад пачатку «Слуцкага збройнага чыну».

27 лістапада 1920 года пачаліся баявыя дзеянні паміж сфармаванымі ў Слуцкім павеце палкамі Беларускай Народнай Рэспублікі і часткамі Чырвонай арміі. Гэты дзень беларускія патрыёты адзначаюць як Дзень герояў.

Спыненне вайны паміж савецкай Расіяй і Польшчай дало магчымасць аднавіць барацьбу за незалежнасць Беларусі. На тэрыторыях, якія пакідалі польскія войскі, але куды яшчэ не ўступілі бальшавікі, фармаваліся мясцовыя органы ўлады. У лістападзе 1920 года была створана Слуцкая Рада. Яна абвясціла аднаўленне ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі на тэрыторыі павета. Па рашэнні Рады было пачата фармаванне ваенных падраздзяленняў з мясцовых жыхароў. Былі створаныя два палкі — Слуцкі пад камандаваннем Паўла Чайкі (пазней яго змяніў Ахрэм Гаўрыловіч) і Грозаўскі на чале з капітанам Лукай Семянюком. Іх аб’ядналі ў Слуцкую брыгаду. Агульнае камандаванне войскамі ажыццяўляў Антон Сокал-Кутылоўскі.

Боі паміж атрадамі, сфармаванымі пераважна з сялян, і бальшавікамі цягнуліся больш за месяц. Да палкоў, сфармаваных па рашэнні Рады, далучыліся беларускія часткі арміі генерала Станіслава Булак-Балаховіча — Беластоцкі батальён і Смаленскі полк, а таксама партызанскія атрады арганізацыі «Зялёны дуб».

Спачатку беларусам удавалася стрымліваць войскі праціўніка і разгарнуць супрацьнаступ. Слуцкая брыгада правяла шэраг паспяховых атак у раёне Копыля і Цімкавічаў. Супраць беларускіх атрадаў безвынікова змагалася Амская дывізія Чырвонай арміі. На ўсім стакіляметровым фронце Копыль — Цімкавічы — Вызна бальшавікі былі вымушаныя адступаць. Беларускія аддзелы мелі вельмі моцную падтрымку з боку мясцовага насельніцтва, але ім не ставала зброі і амуніцыі. У наступныя дні баявыя дзеянні працягваліся ў раёне вёсак Быстрыцы, Васільчыцы, Варабейчыцы, Дашкава, Васілішкі, Лютаўічы і Морач. Слуцкая брыгада вызваліла ад бальшавікоў шэраг населеных пунктаў.

Разгортваўся актыўны антыбальшавіцкі супраціў. Да сялянскага войска далучалася ўсё больш і больш людзей.

Сітуацыю зламала толькі рашэнне Масквы перакінуць на беларускі фронт дадатковыя часткі Чырвонай арміі з цэнтральнай Расіі, а таксама атрады, сфармаваныя з буратаў і кітайцаў. У канцы снежня 1920 года паўстанцы былі вымушаныя адступіць на тэрыторыю Заходняй Беларусі, якую кантралявалі польскія войскі.

«Слуцкі збройны чын» стаў прыкладам для многіх іншых жыхароў краіны. Беларусы працягвалі партызанскую барацьбу супраць бальшавікоў і пасля таго, як Чырвоная армія заняла тэрыторыю Слуцкага павета.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках