5 снежня 2025, Пятніца, 5:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ніхто не адчытвае, як маленькую, калі не прапыласосіла»

80
«Ніхто не адчытвае, як маленькую, калі не прапыласосіла»

Беларуска сышла ад мужчыны з-за таго, што ён прымушаў яе гатаваць і прыбіраць.

Пытанне, як падзяліць хатнія абавязкі, паўстае перад многімі парамі. У патрыярхальнай мадэлі свету ўсё проста — «мужчына зарабляе грошы, а жанчына стварае ўтульнасць». Але што рабіць, калі яна не паспявае выконваць свае «абавязкі» і таксама хоча адпачыць пасля цяжкага працоўнага дня?

«Зеркало» пагаварыла з беларускай, якая рассталася са сваім партнёрам, хоць фінансава ад яго залежала, — каб развіваць сваю справу і больш не цярпець кухоннага рабства.

Імёны зменены дзеля бяспекі суразмоўніцы.

«Кожны дзень працавала з 12 да 20 гадзін»

Цяпер Вользе 38 гадоў. Са сваім — на той момант будучым — партнёрам Сяргеем яна пазнаёмілася каля двух гадоў таму. Ён быў трошкі маладзейшы, але для яе «гэта не было важна». Сустрэча адбылася ў бары: мужчына ўжо сядзеў каля стойкі, калі Вольга падышла зрабіць заказ.

— Сяргей адразу звярнуў на мяне ўвагу і прапанаваў перасесці да яго, каб мы маглі пагутарыць, пакуль я буду чакаць свой напой. Я не была супраць, бо прыйшла ў бар без кампаніі. І, як потым аказалася, нам было пра што з ім пагаварыць, — успамінае Вольга. — У Сяргея свая будаўнічая фірма, а я займаюся пашывам адзення на заказ. Увесь вечар мы абмяркоўвалі, як складана весці бізнес, развівацца ў ім, несці адказнасць за супрацоўнікаў, плаціць падаткі і вырашаць накладкі, якія перыядычна ўзнікаюць у працы. Думаю, тады паміж намі праскочыла іскра ўзаемнай сімпатыі.

Па словах Вольгі, адносіны з Сяргеем развіваліся імкліва. Ужо на дзясяты дзень пасля знаёмства мужчына вырашыў застацца ў гасцях «падоўгу», а неўзабаве і ўвогуле «пераехаў канчаткова» ў знятую кватэру сваёй абранніцы.

— Можна сказаць, што мы пачалі жыць разам на эмоцыях і ў перыяд закаханасці, таму пра падзел абавязкаў і быт спачатку гаворкі не ішло. Усё рабілі разам: гатавалі, прыбіраліся — было супер, — распавядае Вольга. — Сяргей ужо тады бачыў, што я не гаспадынька і не захавальніца хатняга агменю, але спачатку яго гэта цалкам задавальняла. Ён жа, са свайго боку, вырашыў узяць на сябе місію «здабытчыка»: аплачваць кватэру, набываць прадукты, сродкі гігіены.

Праз пару месяцаў сумеснага жыцця ў пары пачаліся першыя рознагалоссі. Сяргей стаў рэгулярна казаць пра «жаночыя абавязкі» Вольгі, папракаць яе ў тым, што яна не паспявае займацца бытам, як гэта робяць, напрыклад, яго маці і сястра. Жанчына прызнаецца, што прэтэнзіі партнёра некалькі разоў нават даводзілі яе да слёз. Пасля такіх сваркаў, праўда, Сяргей прызнаваў, што «перагнуў палку», і прасіў прабачэння. І Вольга даравала.

— Галоўным аргументам Сяргея ў спрэчках было тое, што ён жа аплачвае ўсе нашы патрэбы, дык чаму я не магу прыгатаваць і прыбраць. Хоць я гэта рабіла па меры магчымасці, калі не была занята працай. Прычым часта так атрымлівалася, што прыгатаванае мною даводзілася проста выкідваць, таму што Сяргей не браў на працу ежу з сабой, а я адна не магла столькі з'есці, і ўсё псавалася, — успамінае Вольга. — З маім папярэднім партнёрам у нас таксама былі «прыціркі» ў плане быту, але яны былі паспяхова пройдзеныя, і ў выніку ўсё рабіў той, хто раней аказваўся дома або ў каго быў выходны.

Яшчэ праз пару месяцаў канфліктаў стала больш. Прычынай для іх стала фінансавае становішча Вольгі. У бізнэсе жанчыны пачаліся праблемы, і каб ён трымаўся на плыву, ёй даводзілася працаваць больш, чым раней, калі яна пазнаёмілася з Сяргеем.

— Каб я дакладна і не думала спадзявацца на яго, ён пастаянна паўтараў, што не павінен мне дапамагаць, што «гэта толькі мае праблемы», або што мне трэба ўладкавацца на другую працу, калі ўсё так. А я і так кожны дзень працавала з 12 да 20 гадзін, — удакладняе Вольга. — Часам, праўда, ён «злітоўваўся» і даваў пару капеек, за гэта дзякуй, вядома. Але з кожным месяцам я ўсё часцей чула на свае просьбы або прэтэнзіі, або прамую адмову. І я не кажу пра нешта зааблачнае. Умоўна, ён мог адмовіцца падкінуць мяне на машыне да працы, хоць яму было па дарозе, і спаслацца на тое, што мне і пешшу блізка ісці.

Пры гэтым пачуццё любові да Сяргея захоўвалася — і падсілкоўвалася яго абяцаннямі і прыгожымі словамі. Але, як успамінае Вольга, у глыбіні душы ёй было вельмі балюча і горка ад таго, што, знаходзячыся ў адносінах, яна адчувала сябе адзінокай. Канфлікты на бытавой глебе толькі пагаршалі гэтае пачуццё, дадаючы адчуванне, што яе «намаганні не цэняць».

— Напрыклад, калі я нешта прыгатавала, Сяргей лёгка мог сказаць «я гэтага не хачу», «гэта я не буду», а калі ежа пастаяла два-тры дні, дык тым больш ён адмаўляўся яе есці, — распавядае Вольга. — Ці Сяргей мог заяўляць, што я нічога дома не раблю, хаця менавіта я мыла сантэхніку, падлогу, выцірала пыл і пыласосіла. Часам ён мог дапамагчы з мыццём посуду.

«Сядзела без грошай і выпрошвала ў яго капейку на шампунь»

Так прайшоў першы год адносін Вольгі і Сяргея. Яна ўсё больш станавілася фінансава залежнай ад свайго партнёра, бо выйсці ў прыбытак у яе не атрымлівалася, колькі б ні старалася.

— Для мяне пашыў адзення — не проста бізнес, гэта справа ўсяго майго жыцця. Хоць шмат што не атрымлівалася, але я сваю працу любіла і ад яе адмаўляцца не збіралася, — падкрэслівае Вольга. — Ведаючы гэта, Сяргей казаў, што я, наадварот, павінна ўсё закрыць, сядзець дома і цэлымі днямі драіць кватэру. Маўляў, ён жа забяспечвае і хоча, каб калі ён прыходзіць з працы стомлены, яго сустракалі смачная вячэра і хатняя ўтульнасць. Пры гэтым я сядзела без грошай і выпрошвала ў яго капейку на цырульню, крэм для твару або шампунь. Хоць у пачатку нашых адносін ён казаў, што «на маю прыгажосць заўсёды дасць грошай».

Бачачы такое стаўленне Сяргея да сябе, Вольга вырашыла «сціснуць зубы» і пачаць адкладаць грошы на першы час, рыхтуючыся да расстання: стала ясна, што так далей жыць нельга. Яе падругі таксама «былі ў шоку» і намякалі, што варта расставацца. Вольга ўспамінае, што на ўсе яе спробы абмеркаваць праблемы ў адносінах Сяргей казаў: «Калі табе нешта не падабаецца, то я сыду». Вось толькі нікуды не сыходзіў.

— У нашу апошнюю сварку Сяргей у сваіх патрабаваннях увогуле дайшоў да таго, што прапанаваў мне ўставаць на тры гадзіны раней звычайнага, ахвяруючы сном, каб зрабіць уборку і нагатаваць яму ежы, раз я прыходжу з працы пазней за яго. І тут я чарговы раз зразумела — яму абсалютна ўсё роўна на мае мары, імкненні, развіццё, я для яго толькі функцыя, — кажа Вольга. — Я вельмі стамілася жыць пад такім ціскам і нядаўна вырашыла гэта скончыць. Дачакалася, калі ён пойдзе на працу, сабрала яго рэчы і напісала СМС, каб увечары прыйшоў іх забраць. А калі вярнулася з працы, яго і рэчаў ужо не было. Тады прыбралася ў кватэры, памыла падлогу, схадзіла ў душ і легла спаць з пачуццём палёгкі.

«Ніякія грошы не вартыя таго, каб быць залежнай»

Цяпер, прызнаецца Вольга, ёй стала значна лягчэй у бытавым плане. Яна гатуе толькі для сябе, а калі не застаецца сіл на вячэру, можа замовіць дастаўку або паесці ў кавярні. Суразмоўніца вельмі рада, што цяпер яе «ніхто не адчытвае, як маленькую, калі яна своечасова не прапыласосіла», а вільготную ўборку кватэры яна робіць ужо паводле ўласнага графіку раз на тыдзень.

— Я па-ранейшаму займаюся вытворчасцю адзення, таксама выплачваю даўгі, і хоць фінансава мне цяпер цяжка і няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, я стараюся спраўляцца самастойна, — удакладняе Вольга. — Яшчэ я спрабую вярнуць сабе сябе, сваю прывабнасць як жанчыны, бо ў апошнія паўгода перад расстаннем я не адчувала сябе жаданай. Ад стрэсу я тады нават паправілася на дзесяць кілаграмаў, але ўжо цяпер скінула пару кілаграмаў і пачала насіць некаторыя джынсы, у якія перастала ўлазіць.

Па словах Вольгі, ёй дагэтуль бывае сумна і балюча ад усведамлення, што калісьці яна жыла з чалавекам, у якога «толькі спажывецкае стаўленне да жанчын». Але ёсць надзея, што хутка яна «зможа адысці ад гэтага досведу».

— Вывады з усёй гэтай гісторыі такія: ніякія грошы і закрыццё фінансавых пытанняў не вартыя таго, каб быць залежнай ад іншага чалавека, ад яго капрызаў і прыхаццяў, — кажа Вольга. — Асабліва гэта небяспечна, калі побач аказваецца чалавек без развітага эмацыйнага інтэлекту, у карціне свету якога пасля працы стамляецца толькі ён.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках