Пуцін зацвердзіў павышэнне ПДВ, падаткаў для бізнесу і ўвёў «тэхзбор» на смартфоны і наўтбукі
11- 28.11.2025, 20:41
- 12,340
Расіяне будуць плаціць за вайну больш.
Кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін у пятніцу падпісаў пакет законаў аб павышэнні падаткаў для насельніцтва і бізнесу ў 2026 годзе.
Згодна з дакументамі, якія раней ухвалілі Дзярждума і Савет Федэрацыі, з 1 студзеня 2026 года стаўка ПДВ вырасце да 22% — рэкорднага для Расіі ўзроўню з 1992 года. У выніку РФ увойдзе ў топ сусветных лідараў паводле ўзроўню ПДВ, прапусціўшы наперад толькі некалькі еўрапейскіх краін.
Адначасова Пуцін ухваліў радыкальную падатковую рэформу для малога бізнесу, якая закране сотні тысяч прадпрымальнікаў. Планка спрошчанай сістэмы падаткаабкладання, паводле якой працуюць 4,4 млн малых кампаній, будзе зніжана з 60 млн рублёў гадавога даходу да 20 млн у 2026 годзе, 15 млн — у 2027‑м і 10 млн з 2027 года. Тыя, чыя выручка вышэйшая, пачнуць плаціць ПДВ.
Акрамя таго, Пуцін падпісаў закон аб «тэхналагічным зборы» да 5 тысяч рублёў, які будзе спаганяцца з продажу тэхнікі і электронікі, уключна са смартфонамі і наўтбукамі.
Дзякуючы павышэнню ПДВ урад разлічвае сабраць у бюджэт 4 трлн рублёў за тры гады, у тым ліку 1,2 трлн рублёў у наступным годзе. Яшчэ каля 200 млрд рублёў за 2026–2028 гады павінен прынесці «тэхзбор». У цэлым падатковыя новаўвядзенні абыдуцца бізнесу і грамадзянам у 2,6 трлн рублёў дадатковых падаткаў за год, ацэньваў раней кіраўнік Мінфіна Антон Сілуанаў.
Новы бюджэт паказвае, што за вайну заплацяць расіяне, адзначае Аляксандра Пракопенка, навуковая супрацоўніца Carnegie Russia Eurasia Center. Агульны фіскальны эфект ад павышэння ПДВ складзе 1,4 трлн рублёў, з якіх 1,2 трлн «прыпадзе на насельніцтва», ацэньваюць эксперты ІПН РАН. Паводле іхніх разлікаў, кошт бягучага спажывання грамадзян павялічыцца на 1–1,6%, а інфляцыя паскорыцца на 1,1–1,3 працэнтнага пункта.
З-за падатковай рэформы для малога бізнесу амаль палова кампаній могуць закрыцца, паказала апытанне банка «Точка»: 15% ужо абдумваюць магчымасць згарнуць бізнес, а 30% разгледзяць такі сцэнар на пачатку 2026 года. Працягваць працаваць пасля падатковай рэформы гатовыя 49% прадпрымальнікаў.
У 2025 годзе ўрад ужо павышаў падаткі: была павялічана стаўка падатку на прыбытак, уведзена дыферэнцыраваная шкала ПДФЛ. Мінфін разлічваў сабраць у бюджэт дадаткова 3,6 трлн рублёў за год. Але план па зборах аказаўся праваленым, а дэфіцыт бюджэту ў пяць разоў перавысіў пачатковыя прагнозы.
Не выключана, што ў наступным годзе ўраду зноў давядзецца павышаць падаткі, лічыць Соф'я Данец, галоўная эканамістка «Т‑Інвестыцый». Расія можа трапіць «у падатковую спіраль, калі вы павышаеце падаткі, хочаце сабраць шмат грошай, але не атрымліваецца», тлумачыць яна.
«Гэта гісторыя гэтага года, і яна можа паўтарыцца ў наступным годзе. Эканоміка і так не ў фантастычнай форме цяпер, а пры павышэнні падаткаў будзе адчуваць сябе яшчэ горш», — папярэджвае Данец.