ЗША прыпынілі разгляд прашэнняў аб прытулку
1- 29.11.2025, 15:37
- 2,422
Пасля страляніны ў Вашынгтоне.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа прыпыніла разгляд усіх прашэнняў аб прадастаўленні прытулку пасля страляніны ў Вашынгтоне, у выніку якой загінула вайскоўка Нацыянальнай гвардыі ЗША, а іншы гвардзеец атрымаў параненні. Пра гэта паведаміў дырэктар Службы грамадзянства і іміграцыі ЗША Джозэф Эдлоу, перадае The Guardian. Паводле слоў Эдлоу, рашэнні па пытаннях прытулку не будуць прымацца «да таго часу, пакуль мы не зможам забяспечыць максімальна магчымую праверку кожнага замежніка».
Напярэдадні Дональд Трамп заявіў, што яго адміністрацыя мае намер дамагчыся спынення іміграцыі з «усіх краін трэцяга свету». У паведамленні на платформе Truth Social ён дадаў, што плануе скасаваць федэральныя льготы і субсідыі для тых, хто не мае грамадзянства ЗША, а таксама пазбаўляць грамадзянства мігрантаў, якія падрываюць спакой у краіне. Прэзідэнт таксама паабяцаў дэпартаваць усіх замежных грамадзян, якія знаходзяцца на дзяржаўным утрыманні, уяўляюць пагрозу бяспецы або «не ўпісваюцца ў заходнюю цывілізацыю».
Дзяржсакратар Марка Рубіо паведаміў у сацсетцы X, што ЗША прыпыняюць выдачу візаў для ўладальнікаў афганскіх пашпартоў. «У Злучаных Штатаў няма больш важнага прыярытэту, чым абарона нашай краіны і нашага народа», — падкрэсліў ён.
Прэзідэнт групы Afghan Evac у Сан-Дыега Шон Ван Дайвер заявіў, што адміністрацыя Трампа выкарыстоўвае інцыдэнт з «адным жорсткім чалавекам» для прасоўвання даўно запланаванай палітыкі. Паводле яго слоў, улады ператвараюць «правалы ўласнай разведкі» ў апраўданне для пакарання «цэлай супольнасці і ветэранаў, якія служылі разам з імі».
Усе заявы прагучалі на фоне інцыдэнту 27 лістапада, калі недалёка ад Белага дома былі параненыя двое супрацоўнікаў Нацыянальнай гвардыі. Адна з пацярпелых памерла на наступны дзень. Стрэльца затрымалі. Паводле даных ФБР, ім аказаўся прыезджы з Афганістана Рахманулла Лаканвал, які іміграваў у ЗША ў 2021 годзе ў межах праграмы «Прытулак для саюзнікаў» адміністрацыі Джо Байдэна, прызначанай для перасялення афганцаў пасля вываду амерыканскіх войскаў. У заяве Afghan Evac удакладняецца, што Лаканвал падаў прашэнне аб прытулку пры Байдэне, а зацверджана яно было сёлета ўжо пры адміністрацыі Трампа.