Беларуска засталася ў шоку ад прыёму ў лекара
32- 3.11.2025, 21:16
- 22,104
Спецыяліст паводзіў сябе па-рознаму ў залежнасці ад таго, дзе прымаў пацыентаў.
Жыхарка Наваполацка пажалілася ў TikTok на прыём у лекара, перадае «Точка».
Яна наведала ўчастковага гінеколага ў паліклініцы і засталася не зусім задаволеная.
Што цікава, тыктокерка адзначыла, што раней кансультавалася ў гэтага ж спецыяліста платна, відаць, у прыватным медцэнтры. І тады ў яе пытанняў не было.
На думку дзяўчыны, адзін і той жа спецыяліст паводзіў сябе па-рознаму ў залежнасці ад таго, дзе прымаў пацыентаў: у паліклініцы або ў камерцыйным медцэнтры.
«Сёння сама адчула, што значыць трапіць на бясплатны прыём да платнага гінеколага», – сцвярджае яна.
@mashakuntsevich #гінеколаг #лекар#паліклініка#прыёмулекара #наваполацк ♬ арыгінальны гук — Творчая Маша
Дзяўчына адзначае, што раней ёй падабаўся гэты спецыяліст.
«Акуратна, ветліва ўсё было», – успамінае яна досвед платнага агляду.
Але далей беларуска сцвярджае, што «чалавек зусім інакш ставіцца да сваёй працы ў звычайнай паліклініцы, а не ў платнай».
Паводле слоў тыктокеркі, ёй неакуратна правялі агляд.
«Нібыта нават наўмысна балюча», – лічыць яна.
Дзяўчына адзначае, што, паколькі яна раней ужо была на прыёме ў гэтага лекара, то ведае, што спецыяліст можа праводзіць усе гэтыя маніпуляцыі далікатна.
«Акрамя гэтага, яна яшчэ і хаміла, і была грубая», – падкрэслівае блогерка, сцвярджаючы, што сама заўсёды стараецца быць тактоўнай.
Дзяўчына шкадуе, што нічога не сказала лекару, але, паводле яе слоў, яна была разгубленая гэтай сітуацыяй.
«Пячальна, што па-людску яна можа працаваць толькі ў платнай клініцы», – рэзюмуе пацыентка і задаецца пытаннем: што змяняецца ў галовах лекараў, якія па-рознаму паводзяць сябе ў платнай клініцы і звычайнай?
Праўда, дзяўчына прыйшла да высновы, што ўсё залежыць ад чалавека і праблема не паўсюдная.