У сеціве апублікавалі кадры здымак «мінскага аэрапорта» для папулярнага серыяла The Morning Show
4- 30.11.2025, 12:55
- 4,996
Паводле сюжэту, адну з галоўных гераінь, журналістку, затрымліваюць у Беларусі па падазрэнні ў «шпіёнажы».
Бекстэйдж са здымак «мінскага» аэрапорта для папулярнага амерыканскага серыяла The Morning Show апублікавала ў сваім профілі ў Instagram медыякампанія Hallo Sunshine. Судзячы з каментароў, кадры былі знятыя ў Лос-Анджэлесе (ЗША).
У відэа можна заўважыць, як адна з актрыс шоу Рыз Уізэрспун, якая грае ролю журналісткі Брэдлі Джэксан, праходзіць праз рамку металадэтэктара і чакае, пакуль яе асабістыя рэчы правераць сілавікі. На сцяне зоны кантролю можна заўважыць надпіс па-беларуску: «Нацыянальны аэрапорт Мінск» і ніжэй па-руску: «Зона кантрольна-прапускнога пункта».
Паводле сюжэту, сілавікі адкрылі ноўтбук журналісткі, а потым панеслі яго на праверку. Брэдлі Джэксан папрасіла вярнуць ёй тэхніку, патлумачыла, што рызыкуе спазніцца на рэйс у Нью-Ёрк, пасля чаго яе затрымалі.
— Вы робіце мне балюча, я журналістка, — на гэтай фразе гераіні Рыз Уізэрспун бекстэйдж-відэа абрываецца.
У каментарыях пад ролікам карыстальнікі паіранізавалі з звычкі амерыканскіх кінематаграфістаў прадстаўляць краіны Усходняй Еўропы ў змрочных танах.
«Забаўна, як рэжысёр выкарыстоўвае шэры фільтр для дэманстрацыі Усходняй Еўропы», — адзначыў карыстальнік white_navel.
На пытанне адной з каментатарок, ці сапраўды кадры былі знятыя ў Мінску, іншая ўдзельніца дыскусіі адказала, што здымкі праходзілі ў Лос-Анджэлесе.
«Вы змаглі вельмі дакладна ўзнавіць атмасферу аэрапорта ў Мінску. Так шмат дэталяў, правільная мова. Я ўражаны. Брава», — напісаў карыстальнік Павел Семянюк.
«Мінск — добры горад, а беларусы — добрыя людзі. Гэта відэа — правакацыя», — абурылася карыстальніца love.in.ly.
На гэта іншыя ўдзельнікі абмеркавання адказалі ёй, што кадры ўсё ж адпавядаюць рэчаіснасці і нагадалі пра беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні ў нашай краіне.
Нагадаем, на Apple TV+ выйшаў чацвёрты сезон амерыканскага серыяла «Ранішняе шоу», які распавядае пра закулісы тэлебачання ў ЗША. У ім адну з галоўных гераінь, журналістку Брэдлі Джэксан у выкананні Рыз Уізэрспун, затрымліваюць у Беларусі па падазрэнні ў шпіянажы. Паводле сюжэту, у дзясятай серыі яе памяшчаюць у мінскі следчы ізалятар. Стваральнікі серыяла паказалі брудную камеру, катаванні бяссонніцай і гучнай музыкай, а таксама допыт КДБ.