Снежань здзівіць беларусаў
- 30.11.2025, 16:43
- 2,860
Першые дні каляндарнай зімы ў Беларусі акажуцца анамальна цёплымі і пахмурнымі.
Гэта хутчэй прыкмета позняй восені, а не снежня. Мала таго, некаторыя міжнародныя мадэлі надвор'я прагназуюць для ўсёй Еўропы тэмпературу вышэй за кліматычную норму, піша telegraf.by.
Аднак тры вядучыя мадэлі разышліся ў прагнозах. Згодна з адной з іх, у Беларусі ўсё ж могуць наступіць маразы. Але не раней за 10 снежня.
Эксперт канала Nadvorie паведаміў, што пасля 10 снежня прагнозы мадэляў пачынаюць істотна разыходзіцца: ECMWF і GEFS — за працяг цёплага надвор'я ў Еўропе, GFS «галасуе за холад».
Вось і атрымліваецца, што ў доўгатэрміновых прагнозах на ўвесь снежань пануе няпэўнасць. А верагоднасць снежнага Божага Нараджэння і Новага года хоць і ёсць, але трэба чакаць, што будзе далей у сярэдзіне снежня.
Як паведамляецца ў аналітычным матэрыяле польскага выдання Interia, «спалучэнне пэўных фактараў павялічвае верагоднасць белага Божага Нараджэння». Ідзе гаворка пра аслабленне палярнага віхру, што дазволіць халодным паветраным масам змяшчацца паўднёвей.
Паўплывае і актыўнасць Эль-Ніньё на поўдні. «Адным з ключавых месцаў на сусветнай карце надвор'я з'яўляецца трапічны рэгіён Ціхага акіяна, дзе фарміруецца знакамітая з'ява Эль-Ніньё. Змены тэмпературы вады ў гэтым рэгіёне аказваюць велізарны ўплыў на жыццё многіх людзей», — цытуе выданне метэаролага Арлету Унтон.
Пры гэтым, паводле прагнозаў NOAA, зімовыя тэмпературы ва Усходняй Еўропе ў сярэднім могуць апынуцца на 1–2 градусы Цэльсія вышэй за норму. Аднак пахаладанне ў канцы снежня ўсё ж пакідае шанцы на снежныя святы.
«Гэтая зіма можа нас здзівіць. Будзе цікава», — падсумавалі сіноптыкі.
Чаго чакаць беларусам у першыя дні снежня?
А вось прагноз асцярожнага Белгідрамета, які не рызыкуе даваць даныя больш чым на 3 дні, сведчыць, што ў панядзелак і аўторак, 1–2 снежня, пагодныя ўмовы ў краіне працягне вызначаць абшырная вобласць павышанага атмасфернага ціску.
Чакаецца пераважанне воблачнага надвор'я з нязначнымі ападкамі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. У асобных раёнах, натуральна, будзе і туман, і слабы галалёд, і галалёдзіца на дарогах.
Добра вядомы ў Беларусі метэаролаг Дзмітрый Рябоў пацвердзіў даныя дзяржсіноптыкаў, адзначыўшы, што «першы тыдзень снежня не прадракае пачатку сапраўднай зімы і будзе такі ж цёплы, як і ўвесь лістапад». Па яго словах, усяму віной паўднёва-заходнія патокі, якія працягваюць пастаўляць у рэгіён цёплае вільготнае паветра.
«Беларусь апынецца на заходняй перыферыі абшырнага антыцыклона з цэнтрам над Сярэдняй Волгай. Таму будзе пераважаць воблачнасць з праясненнямі. Значных ападкаў не прагназуецца», — удакладніў Рябоў.
Тэндэнцыя на станоўчыя тэмпературы і адсутнасць значных ападкаў захаваецца і ў сярэдзіне тыдня. Уначы і раніцай месцамі трэба чакаць туман, што ў спалучэнні з калянулявымі тэмпературамі будзе ствараць умовы для галалёду.