Раналду: Стаць мільярдэрам было адной з маіх галоўных мэт у жыцці
6- 4.11.2025, 19:19
- 2,726
Партугальскі футбаліст параўнаў статус мільярдэра з атрыманнем «Залатога мяча».
Нападнік саудаўскага «Аль-Насра» і зборнай Партугаліі Крыштыяну Раналду не здзівіўся таму, што стаў мільярдэрам. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю журналісту Пірсу Моргану.
У кастрычніку 40-гадовы Раналду стаў першым футбалістам-мільярдэрам — ягонае багацце вырасла да $1,4 млрд, паводле індэкса мільярдэраў Bloomberg.
«Я ведаў, што гэта здарыцца, таму я быў гатовы. Я ведаў, што гэта толькі пытанне часу. Шчыра кажучы, я быў неверагодна шчаслівы. Гэта было падобна да атрымання «Залатога мяча». Ты ставіш мэты — усе так робяць. Пабудаваць дом, купіць машыну. Мая мэта была дасягнуць гэтай лічбы», — сказаў Раналду.
Партугалец адзначыў, што не апантаны грошамі. «Калі ты дасягаеш пэўнай сумы, то грошы ўжо не маюць значэння. Хаця заўсёды добра, калі іх становіцца больш. Усе мы людзі, нас ніколі не задавальняе тое, што мы маем», — дадаў футбаліст.
Паводле слоў Раналду, стаць мільярдэрам было адной з яго галоўных мэт у жыцці. «Я адзіны мільярдэр у футболе. Можаце называць мяне самаўпэўненым, але лічбы не хлусяць. У футболе мноства рэкордаў, і ў гэтым спісе часта можна ўбачыць маё прозвішча. Гэта яшчэ адзін рэкорд», — падсумаваў ён.
Раналду з’яўляецца пяціразовым уладальнікам «Залатога мяча», пяціразовым пераможцам Лігі чэмпіёнаў, а таксама найлепшым бамбардзірам у гісторыі сусветнага футболу ў афіцыйных матчах.