Tesla прадставіць першы лятаючы аўтамабіль
- 6.11.2025, 10:31
- 3,448
Маск анансаваў «незабыўную» прэзентацыю аўтамабіля з «вар'яцкай тэхналогіяй».
Амерыканскі мільярдэр Ілон Маск заявіў, што неўзабаве Tesla прадставіць першую лятаючую машыну. Паводле яго слоў, дэманстрацыя ўвойдзе ў гісторыю і можа адбыцца яшчэ да канца года.
Аўтар падкаста Джо Роган спытаў Маска, на якой стадыі даўно анансаваны ім спорткар Tesla Roadster. На гэта мільярдэр адказаў, што кампанія ўжо набліжаецца да дэманстрацыі прататыпа, якая будзе «незабыўнай». Яго словы 5 лістапада перадае Axios.
Маск заявіў, што дэманстрацыя Roadster «мае шанец стаць найбольш запамінальнай прэзентацыяй прадукту за ўсю гісторыю». У Tesla спадзяюцца, што яна адбудзецца «да канца года».
«У гэтай машыне мы выкарысталі нейкую вар'яцкую, вар'яцкую тэхналогію», — падкрэсліў прадпрымальнік.
Ён з іроніяй нагадаў пра словы іншага мільярдэра Пітэра Тыля, што чалавецтва не атрымала лятаючыя аўтамабілі.
«Я думаю, калі Пітэр хоча лятаючы аўтамабіль, мы павінны мець магчымасць яго купіць», — заўважыў Маск.
Ён параўнаў новую распрацоўку з машынамі з фільмаў пра агента 007, як перадае Gizmodo.
«Гэта вар'яцей, чым што-небудзь у Джэймса Бонда… Калі б вы ўзялі ўсе машыны Джэймса Бонда і аб’ядналі іх — яно вар’яцей нават за гэта», — запэўніў мільярдэр.
Tesla ўзляціць: ці магчыма гэта
У Gizmodo дапусцілі, што гаворка ідзе пра аўтамабіль з вертыкальным узлётам і пасадкай, які можа перавозіць пасажыраў, але звычайна не ездзіць па дарозе. У Axios таксама адзначылі, што рынак тэхналогій у гэтай сферы цяпер круціцца вакол eVTOL — электрычных транспартных сродкаў з вертыкальным узлётам і пасадкай. Над такімі, у прыватнасці, працуе кампанія Joby Aviation. Яны выглядаюць як вялікія дроны, умяшчаючы чацвярых пасажыраў і пілота.
Раней Маск адмаўляў ідэю лятаючых аўтамабіляў. У прыватнасці, у 2017 годзе ён заявіў, што такія машыны будуць даволі шумнымі з-за вельмі вялікай сілы ветру. Мільярдэр падкрэсліваў, што вялікая колькасць аўто над галавой не спрыяла б зніжэнню трывожнасці, ствараючы шмат шуму і выглядаючы пагрозліва.
Выданне Electrek запэўніла, што пакуль не існуе ніякай магчымасці, каб электрычны аўтамабіль, які рухаецца па дарогах, пачаў лятаць. Аднак Tesla можа дадаць пэўныя тэхналогіі, напрыклад халоднагазавыя рухавікі (cold-air thrusters) або вентылятары, каб новая мадэль магла падскокваць або нават некалькі секунд вісець у паветры.
«Вядома, гэта магчыма, але гэта будзе далёка не тое, што людзі ўяўляюць сабе, калі думаюць пра лятаючы аўтамабіль», — падкрэслілі аналітыкі.