У гандлі нарастае перакос, які не ўдаецца ліквідаваць гадамі
4- 1.12.2025, 13:29
- 5,182
Лукашыстаў шторміць.
У Беларусі ў студзені — кастрычніку яшчэ больш узмацніліся праблемы ў знешнім гандлі. Адмоўнае сальда — перавага імпарту над экспартам — за гэты перыяд перасягнула адзнаку ў 5 млрд 284 млн долараў. Пра гэта паведамляе «Зеркало» са спасылкай на Белстат. Месяцам раней гэты паказчык быў на ўзроўні 4,55 млрд долараў.
Знешнегандлёвы тавараабарот у студзені — кастрычніку гэтага года склаў 72 млрд 43 млн долараў. Пры гэтым экспарт — 33 млрд 379,5 млн долараў, а імпарт — на 5 млрд 284 млн долараў больш.
У студзені — кастрычніку экспарт знізіўся на 1,7% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а імпарт павялічыўся на 2,8%.
Лукашысты не першы год змагаюцца з імпартнымі таварамі, але сутыкаюцца з цяжкасцямі. Тым часам Беларусь усё больш збліжаецца з Расіяй у сферы знешняга гандлю.
У сярэдзіне жніўня 2024 года ў Мінэканомікі расказалі, чаму ўзніклі цяжкасці ў знешнім гандлі: імпарт тавараў апярэджвае экспарт. У ведамстве лічаць, што «вінаватыя» ў гэтым, сярод іншага, цэны на нафту і калій. Нагадаем, раней гэта міністэрства папракала ў праблемах у знешнім гандлі ў тым ліку насельніцтва — з-за павышанага попыту на імпартныя тавары.
На праблему ў знешнім гандлі 17 чэрвеня 2024 года звяртаў увагу дыктатар Лукашэнка: яна яго нібыта насцярожвае.
Таксама Лукашэнка раней неаднаразова казаў пра праблемы са збытам тавараў у Расіі — продажы там падаюць.
Напрыклад, сёлета МАЗ і некаторыя іншыя вытворцы сутыкнуліся з прыкметным падзеннем продажаў сваёй тэхнікі ў Расіі — на асноўным рынку збыту для прадукцыі беларускай прамысловасці.