5 снежня 2025, Пятніца, 12:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Раснафта» засакрэціла даныя аб грашовых патоках

«Раснафта» засакрэціла даныя аб грашовых патоках

На фоне падзення прыбытку на 70%.

Чысты прыбытак «Раснафты» па выніках студзеня—верасня 2025 года скараціўся на 70%, паведаміла кампанія ў апублікаванай у пятніцу справаздачнасці паводле МСФЗ, заўважыла The Moscow Times.

За 9 месяцаў «Раснафта» зарабіла 277 млрд рублёў супраць 926 млрд за той жа перыяд годам раней. Выручка найбуйнейшай нафтавай кампаніі Расіі ўпала на 18%, да 6,28 трлн рублёў, а паказчык EBITDA (прыбытак да падаткаў, працэнтаў і амартызацыі) — на 29%, да 1,64 трлн рублёў.

Падзенне прыбытку «Раснафты» паскараецца: у першым квартале яна зарабіла 170 млрд рублёў, у другім — 74 млрд, а ў трэцім — толькі 32 млрд, што на 80% ніжэй, чым у ліпені–верасні мінулага года.

«Прычынамі сталі нізкія цэны на расійскую нафту, рост дысконту расійскай нафты да эталонных замежных сартоў, новыя санкцыі супраць танкернага флоту і часткова — умацаванне рубля», — адзначае Наталля Мільчакова, вядучы аналітык Freedom Finance Global.

Пры гэтым са справаздачнасці «Раснафты» гэтым разам былі вынятыя даныя аб руху грашовых сродкаў, звяртаюць увагу аналітыкі Альфа-банка. Ідзе пра лічбы, якія адлюстроўваюць паступленні сродкаў на рахункі кампаніі (аперацыйны грашовы паток), адток з рахункаў на інвестыцыі і фінансавыя выдаткі, а таксама змяненне запасаў наяўных на рахунках («грашовыя сродкі і іх эквіваленты»).

У справаздачнасці за другі квартал і паўгоддзе «Раснафта» гэтыя даныя часткова раскрывала. За 6 месяцаў яна атрымала 916 млрд рублёў грашовага патоку ад аперацыйнай дзейнасці, які амаль цалкам быў выдаткаваны на капітальныя інвестыцыі (760 млрд рублёў) і фінансавыя выдаткі, уключаючы крэдыты і пазыкі (135 млрд рублёў). Па выніках працы на працягу паўгоддзя ў «Раснафты» засталося толькі 22 млрд рублёў, якія папоўнілі запасы на рахунках.

«У справаздачным перыядзе кампанія працавала ва ўмовах пагаршэння макракан'юнктуры, уключаючы зніжэнне цэн на фоне росту прапановы нафты», — пракаментаваў пагаршэнне фінансавых вынікаў кіраўнік «Раснафты» Ігар Сечын.

«Дадатковы ціск <�…> аказалі індэксацыя тарыфаў натуральных манаполій, якая апярэджвае інфляцыю, павелічэнне выдаткаў на забеспячэнне антытэрарыстычнай бяспекі, высокі ўзровень ключавой стаўкі Банка Расіі, а таксама назіраемае з пачатку года ўмацаванне курсу рубля», — заявіў Сечын.

У першым квартале «Раснафта» была стратнай з пункту гледжання грашовых патокаў: паступленні на рахункі былі меншыя за адток. У другім квартале яна вярнулася ў плюс, а ў трэцім, пасля засакрэчвання даных, нечакана паведаміла пра генерацыю 418 млрд рублёў свабоднага грашовага патоку. Адкуль узяліся гэтыя грошы, аднак, застаецца незразумелым. «Адсутнасць раскрыцця даных аб руху грашовых сродкаў ускладняе, а ў асобных выпадках робіць немагчымымі праверку і параўнанне паказчыкаў, прыведзеных менеджментам», — піша Альфа-банк.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках