Віктар Лукашэнка стаў спецпрадстаўніком бацькі ў Амане
32- 1.12.2025, 19:18
- 11,810
Раней спецпасланцам дыктатара называлі Віктара Шэймана.
Аляксандр Лукашэнка 28 лістапада прыляцеў з працоўным візітам у Аман, пра першую публічную сустрэчу паведамілі 1 снежня. Дыктатар разам з сынамі Віктарам і Мікалаем сустрэўся з султанам Амана Хайсамам бін Тарэкам Аль Саідам. МЗС краіны назваў раней невядомую пасаду старэйшага сына Лукашэнкі, заўважыла «Зеркало».
«З беларускага боку ў сустрэчы ўзялі ўдзел два сыны яго эксцэленцыі «прэзідэнта»: яго эксцэленцыя Віктар Лукашэнка, спецыяльны прадстаўнік «прэзідэнта» Рэспублікі Беларусь і прэзідэнт Алімпійскага камітэта, і Мікалай Лукашэнка, а таксама шэраг беларускіх службовых асоб», — сказана ў паведамленні МЗС Амана.
Раней спецпасланцам Лукашэнкі называлі Віктара Шэймана, які адказваў у тым ліку за супрацоўніцтва з Афрыкай.
З трыма прадстаўнікамі сям'і Лукашэнкі абмяркоўваліся «накірункі інвестыцыйнага і эканамічнага партнёрства дзвюх сяброўскіх краін, а таксама шляхі яго актывізацыі з мэтай забеспячэння агульных інтарэсаў і садзейнічання росту эканомік Амана і Беларусі».
Ад Амана на сустрэчы, акрамя султана, былі яго сын і міністр культуры Саід Тэязін бін Хайсам Аль Саід, а таксама кіраўнік асабістай канцылярыі Хамад бін Саід Аль Аўфі і кіраўнік Інвестыцыйнага агенцтва Амана Абдул Салам бін Мухамед Аль Муршыдзі.
Нагадаем, у Аман Аляксандр Лукашэнка прыляцеў з М'янмы. Да гэтага ён наведаў Кыргызстан.