У Вялікабрытаніі заклікалі НАТА аказваць пастаянны ціск на Калінінград, каб стрымліваць Расію
1- 10.12.2025, 9:24
- 2,362
Гэта ўпісваецца ў канцэпцыю старажытнакітайскага стратэга Сунь-цзы.
Краінам НАТА неабходна аказваць «сістэматычны ціск» на Калінінград, каб стрымліваць Расію ад агрэсіі супраць альянсу, — заявіў былы дарадца па нацыянальнай бяспецы экс-прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Барыса Джонсана Марк Седвіл. У калонцы для The Independent ён прывёў словы старажытнакітайскага стратэга Сунь-цзы: «Вышэйшае мастацтва вайны — зламаць волю ворага, не ўступаючы ў бітву. Нападай там, дзе ён не гатовы; з’яўляйся там, дзе цябе не чакаюць». Седвіл адзначыў, што НАТА варта дзейнічаць так жа ў дачыненні да Масквы.
Ён нагадаў, што Калінінград залежыць ад сухапутнага і марскога забеспячэння, якое краіны НАТА могуць кантраляваць. Таксама, паводле слоў Седвіла, альянс можа ўздзейнічаць на іншыя «ўразлівыя месцы» Расіі, у прыватнасці на састарэлую інфраструктуру і залежнасць ад заходніх тэхналогій. «Нам варта прадэманстраваць здольнасць ажыццяўляць кібератакі на расійскую энергетычную і ваенную інфраструктуру», — адзначыў былы дарадца Джонсана. Таксама Седвіл прапанаваў затрымліваць расійскія судны ў водах краін НАТА і прыняць экстратэрыяльнае заканадаўства, якое дазволіць ваенна-марскім сілам альянсу рэагаваць на атакі на кабелі ў міжнародных водах. Седвіл падкрэсліў, што рызыка такіх дзеянняў заключаецца «не ў тым, што мы правакуем напады», паколькі Расія «ужо нападае». «Рызыка ў тым, што няздольнасць вызначыць цану правакуе далейшую агрэсію», — падсумаваў ён.
Раней камандуючы сухапутнымі войскамі ЗША ў Еўропе і Афрыцы генерал Крыстафер Донахью заявіў, што ў разе неабходнасці НАТА здольная захапіць Калінінградскую вобласць у максімальна сціслыя тэрміны. Ён падкрэсліваў, што альянс ужо прыступіў да рэалізацыі стратэгіі пад назвай «Лінія стрымлівання на ўсходнім флангу», якая дазволіць падрыхтаваць эфектыўны адказ на пагрозы з боку Расіі.