Лукашэнка ў страху маўчыць
5- Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»
- 10.12.2025, 9:28
- 7,840
З-за расійскіх дронаў у «мірным» беларускім небе.
Лукашэнкаўскія чыноўнікі і прапагандысты ўсіх гатункаў любяць словазлучэнне «мірнае неба». Асабліва часта яно гучыць сёлета — у 80-ю гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны, якую ў Беларусі адзначаюць падкрэслена па-савецку.
Пра мірнае неба распавядалі на школьных лінейках да 9-га мая. На сходах работнікаў бюджэтных арганізацый. І падчас бясконцых «патрыятычных» забегаў.
«Я звяртаюся да моладзі! Вы расцяце ў мірны час, але мір — гэта каштоўнасць, якую трэба берагчы. Вялікая Перамога — не проста дата ў календары, гэта напамін пра тое, якой цаной дастаецца свабода, як важна быць адказным за сваю будучыню, сваю краіну, свой народ», — Сяргей Куніцкі, старшыня Пінскага гарадскога «савета дэпутатаў», май 2025-га
Заклікі захаваць «мірнае неба», якое дасталося нам ад пераможцаў у той страшнай вайне, гучалі нават тады, калі расійскія дроны пачалі падаць на Гомельшчыне, залятаючы да нас дзесяткамі за ноч.
А ўлады ў такіх выпадках аддаюць перавагу маўчаць і сілай затыкаць роты тым, хто спрабуе хоць неяк вынесці на публіку інфармацыю, што турбуе многіх, як гэта было пасля падзення дрона ў Калінкавічах восенню мінулага года.
Рэдкае выключэнне — міліцэйскі генерал Мікалай Карпенкаў, які час ад часу выходзіць у эфір з расповедамі пра «боскую ўдачу», што ратуе беларусаў ад непрошаных гасцей з Расіі.
«Я ўпэўнены, разам мы захаваем для нашых дзяцей гэтае мірнае неба, пад якім наш народ спакойна жыве, працуе і будуе сваю будучыню», — Аляксандр Крагель, намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама, жнівень 2025-га
І вось цяпер прыйшла навіна пра 42 дроны, што за год упалі на тэрыторыі Брэстчыны. Ці здзіўляе яна? Не, з чаго б — улічваючы шчыльнасць паветраных атак з боку Расіі, якая не грэбуе выкарыстоўваць «мірнае неба» Беларусі ў ваенных мэтах.
«Арганізатары Рэспубліканскіх студэнцкіх дзён лічаць неабходным пазнаёміць студэнцкую моладзь з цытадэллю [Брэсцкай крэпасцю]. Самі ўдзельнікі адзначаюць, што гэта правільнае рашэнне, таму што ў гэтым месцы пануюць асаблівы дух, асаблівая атмасфера, якая дазваляе яшчэ больш усвядоміць, якую велізарную цану заплацілі нашы дзяды і прадзеды за сённяшняе мірнае неба», — брэсцкая газета «Заря», верасень 2025-га
Як і не здзіўляе цынізм тых, хто не толькі ўцягнуў усіх нас у чужую вайну з усімі наступствамі, што з гэтага вынікаюць, але нават не спрабуе падрыхтаваць людзей да магчымых рызык і пагроз.
І гэта той выпадак, калі не так ужо і важна, у чым прычына гучнага маўчання ўлады — страх расхістаць міф пра прэславутую стабільнасць і «мірнае неба» ці следаванне савецкім традыцыям з іх рэжымам цішыні ў крызісных сітуацыях.
Важна тое, што галоўнай небяспекай для нас з’яўляюцца нават не самі дроны, а тыя, хто дапусціў іх з’яўленне ў нашым небе, паставіўшы пад пагрозу жыцці беларусаў.
Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»