Названы самы туманны горад Беларусі
- 10.12.2025, 11:55
- 2,668
Ён знаходзіцца на ўзвышшы.
У Белгідрамеце расказалі, які горад Беларусі вылучаецца найбольшай колькасцю туманных дзён за год. Гэта — горад, які ў свой час абраў для сваёй сталіцы князь Міндоўг, Навагрудак.
Як адзначыла начальніца аддзела вывучэння змяненняў клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу, фонду дадзеных Белгідрамета Вольга Бакланава, штогод у Беларусі бывае ў сярэднім ад 30 да 70 туманных дзён. Гэтая колькасць павялічваецца ад нізін да ўзвышшаў. Пры гэтым найбольш вядомыя з іх у нашай краіне — Мінская і Навагрудская. Тут, паводле яе слоў, можа быць да 25 дзён з туманамі за месяц, звычайна — у восеньска-зімовы перыяд, піша Office Life.
Паводле прадстаўніцы Белгідрамета, у асобныя гады гэтая лічба можа адступаць ад кліматычнай нормы, прычым часам — істотна. Але максімальная колькасць туманных дзён фіксуецца ў Навагрудку, а рэкордным быў 1964 год, калі тут было 140 дзён з туманамі.