Беларускія санаторыі паднялі цэны на навагоднія банкеты
- 10.12.2025, 12:04
- 1,058
Сярэдні чэк вырас.
Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі агучыў сярэднюю суму, у якую абыдзецца навагодні банкет у беларускіх санаторыях. У параўнанні з мінулым годам сярэдні чэк вырас амаль на 13%.
Паводле слоў Балбатоўскага, святочны банкет у навагоднюю ноч сёлета для адпачывальнікаў у беларускіх санаторыях абыдзецца ў сярэднім у 310 рублёў. У мінулым годзе гэтая сума была на 35 рублёў меншая (амаль на 13%) — 275 рублёў. Праўда, для саміх адпачывальнікаў навагодні банкет — гэта толькі дадатковая опцыя, а не абавязковы выдатак, ад якога нельга адмовіцца. Паводле слоў Балбатоўскага, удзел у банкеце — «абсалютна добраахвотная справа».
А вось навагоднімі карпаратывамі для прыватных кампаній і прадпрыемстваў беларускія санаторыі, паводле чыноўніка, практычна не займаюцца, у тым ліку таму, што ў гэты перыяд у санаторыях даволі высокая запаўняльнасць. Аздараўленчыя арганізацыі, дзе медыцынская складовая мінімальная, гэтую паслугу аказваюць значна часцей.
Паводле афіцыйных даных цэнтра, на дадзены момант свабодных месцаў у большасці беларускіх санаторыяў (а іх у краіне 97 на 28 тыс. месцаў, плюс яшчэ 42 аздараўленчыя арганізацыі на 9 тыс. месцаў) на навагоднія і калядныя святы практычна не засталося. Адзінкавыя свабодныя месцы могуць з’явіцца толькі ў выпадку адмоваў ад ужо набытых пуцёвак.
Што да запаўняльнасці санаторыяў на бліжэйшыя месяцы, то на студзень ужо забраніравана каля 67% нумароў, на люты — каля 50%.