Сенатар ЗША заклікаў Трампа замяніць перамоўшчыкаў
5- 10.12.2025, 12:15
- 4,148
Уіткоф і Кушнер — на баку РФ.
Амерыканскі сенатар-дэмакрат Рычард Блументаль лічыць, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп павінен замяніць сваіх перамоўшчыкаў — Стыва Уіткофа і Джарэда Кушнера, якія ўдзельнічаюць у працэсе урэгулявання вайны Расіі супраць Украіны.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву Блументаля.
Блументаль выказаў глыбокую занепакоенасць тым, што Трамп падштурхоўвае Украіну да хуткага падпісання мірнага пагаднення без гарантый бяспекі.
«Я глыбока занепакоены тым, што ён (Трамп. — рэд.), здаецца, пакідае Украіну на волю лёсу. Змушае яе ісці на тэрытарыяльныя ўступкі, якія з'яўляюцца несправядлівымі і неразумнымі, і пазбаўляе яе ваеннай дапамогі, неабходнай для абароны ад пуцінскай разні», — заявіў ён.
Блументаль таксама выказаў надзею, што Кангрэс будзе прасоўваць прызнанне Расіі дзяржавай-спонсарам тэрарызму з-за выкрадання украінскіх дзяцей і ўвядзення дадатковых эканамічных санкцый.
Каментуючы мірныя перамовы, сенатар адзначыў, што яны праводзяцца «цалкам аднабакова», з патрабаваннямі да Украіны без рэальных уступак з боку Расіі.
Паводле яго ацэнкі, спецпасланнік Стыў Уіткоф і зяць Трампа Джарэд Кушнер, якія вядуць перамовы ад імя ЗША, выглядаюць прадузята і, здаецца, больш на баку Расіі, чым непрадузятыя пасярэднікі.
«Яны, здаецца, прадузятыя ў дачыненні да Украіны. Я думаю, што Трампу патрэбныя новыя пасланнікі — Уіткоф і Кушнер, здаецца, на баку Расіі замест таго, каб быць непрадузятымі або аб'ектыўнымі перамоўшчыкамі. І ўвесь «мірны план» трэба выкінуць. Ім трэба вярнуцца да пачатковага этапу», — заявіў Блументаль.