У Швейцарыі сабралі гіганцкі мурал з канструктара Lego
- 10.12.2025, 12:26
- 1,338
Гэта новы сусветны рэкорд.
У Швейцарыі ўстанавілі новы сусветны рэкорд па складанні аб'екта з канструктара Lego, склаўшы маштабную фрэску даўжынёй 24 метры і вышынёй 2 метры.
Мурал з канструктара Lego ў цэлым утрымлівае 300 тысяч дэталяў. Пра незвычайны рэкорд паведаміла выданне Blue Win.
Спробу ўстанавіць рэкорд правялі ў Івердан-ле-Бэн у кантоне Во мінулую нядзелю, 7 снежня. Канструктар збіралі ў межах дабрачыннага мерапрыемства дзеля збору сродкаў для фонду Telethon Switzerland Foundation.

Гіганцкі мурал дэманструе сімвалічныя мясціны рэгіёна. Хоць пакуль афіцыйна «Кніга рэкордаў Гінеса» не абвясціла пра прызнанне дасягнення ў Швейцарыі як новага сусветнага рэкорду, удзельнікі акцыі сцвярджаюць, што гэта не галоўнае, бо мэтай было дапамагчы людзям.

Дзякуючы складанню канструктара ўдалося сабраць не менш за 20 тысяч швейцарскіх франкаў для фонду Telethon Switzerland Foundation. Як паведамілі арганізатары, сродкі накіруюць на дапамогу людзям з рэдкімі генетычнымі захворваннямі.

На працягу двух дзён донары маглі набыць 100 кубікаў Lego у мясцовай установе, заплаціўшы па дзесяць франкаў за кожны, і скласці з іх ромб. Атрыманыя ромбы валанцёры ўжо мацавалі да канструкцыі.
Каб афіцыйна атрымаць званне найбольшага мурала з Lego, гэты мастацкі твор яшчэ павінен прайсці праверку «Кнігі рэкордаў Гінеса». Самі арганізатары і мясцовыя СМІ ўжо назвалі дасягненне сусветным рэкордам.
Падобныя рэкорды ўжо фіксаваліся раней. Цяпер вядома, што сусветны рэкорд належыць французскаму гораду Брэст у Брэтані, дзе быў створаны мурал з 250 тысяч дэталяў канструктара Lego. Швейцарскія энтузіясты перасягнулі гэта дасягненне на 50 тысяч дэталяў.