Папа Рымскі раскрытыкаваў Трампа
3- 10.12.2025, 20:43
- 2,780
Леў XIV абвінаваціў прэзідэнта ЗША ў падрыве саюза Еўропы і Амерыкі.
Папа Рымскі Леў XIV папракнуў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа у тым, што яго нядаўнія заявы ставяць пад удар саюз паміж Еўропай і Амерыкай, які існаваў шмат гадоў. Пра гэта паведаміла Sky News.
Прычынай стала інтэрв’ю, у якім кіраўнік Белага дома заявіў, што Еўропа знаходзіцца ў заняпадзе і што яе лідары сталі «слабымі». На пытанне журналістаў пра тое, ці лічыць ён справядлівым прадстаўлены ЗША план урэгулявання вайны ва Украіне, пантыфік адказаў, што аддаў бы перавагу не каментаваць гэты дакумент. Аднак ён падкрэсліў, што некаторыя палажэнні амерыканскай ініцыятывы, на яго думку, могуць рэзка змяніць характар адносін паміж ЗША і ЕС.
Папа Рымскі адзначыў, што апошнія публічныя заявы Вашынгтона выглядаюць як спроба аслабіць важны для будучыні альянс двух бакоў. Ён нагадаў, што план, прапанаваны адміністрацыяй Дональда Трампа, з’яўляецца ініцыятывай амерыканскага прэзідэнта, які мае права прасоўваць уласныя рашэнні, але пры гэтым у дакуменце ёсць палажэнні, якія, на яго думку, выклічуць неадназначную рэакцыю як у ЗША, так і за іх межамі.