Маскву і вобласць атакавалі беспілотнікі
5- 11.12.2025, 8:09
- 5,492
Затрымліваюцца дзясяткі авіярэйсаў, гучаць выбухі.
Увечары 10 снежня і пасля поўначы ў Маскве і Маскоўскай вобласці абвясцілі паветраную трывогу з-за пагрозы беспілотнікаў: у рэгіёне прагрымела серыя выбухаў, улады заяўляюць пра збіццё беспілотнікаў і падзенне іх абломкаў, піша «Фокус».
У маскоўскіх аэрапортах «Расавіяцыя» ўвяла абмежаванні на авіярэйсы з-за атакі беспілотнікаў, у сувязі з чым затрымліваюцца дзясяткі авіярэйсаў. Пра гэта паведамілі расійскія СМІ.
Толькі ў расійскім аэрапорце «Шарамецьева» затрымліваюцца прынамсі 20 рэйсаў, сцвярджаюць мясцовыя тэлеграм-каналы. Выбухі прагрымелі ў Адзінцоўскім і Раменскім акругах Маскоўскай вобласці, пішуць СМІ.
Часовыя абмежаванні «Расавіяцыя» ўвяла таксама для аэрапортаў «Дамадзедава» і «Внукава». Як сцвярджае медыя Mash, усяго ў аэрапортах Масквы адмянілі 27 рэйсаў на адлёт і яшчэ столькі ж на пасадку.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў пра нібыта збіццё прынамсі васьмі ўдарных беспілотнікаў, якія ляцелі ў кірунку расійскай сталіцы, па стане на 00:45.
«Адбіта атака яшчэ аднаго беспілотніка, які ляцеў на Маскву. Спецыялісты экстрэнных службаў працуюць на месцы падзення абломкаў», — цытуюць заяву Сабяніна расійскія СМІ.
Інфармацыі пра наступствы або пацярпелых у выніку атакі на момант публікацыі не паступала.
Таксама расійскія СМІ паведамляюць пра беспілотнікі і выбухі над Тулай. Мясцовыя сцвярджаюць, што прагрымела не менш як 7 выбухаў.