11 снежня 2025, Чацвер, 11:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Ізраілі патлумачылі прызначэнне ўраджэнца Беларусі кіраўніком «Мосада»

У Ізраілі патлумачылі прызначэнне ўраджэнца Беларусі кіраўніком «Мосада»
Раман Гофман

Раман Гофман мае вельмі добрую рэпутацыю.

Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху прызначыў новым дырэктарам «Мосада» свайго ваеннага сакратара, ураджэнца Беларусі Рамана Гофмана, бо «давервае яму», а таксама хоча прааналізаваць пралікі спецслужбаў падчас тэракту 7 кастрычніка 2023 года. Такое меркаванне ў гутарцы з RTVI выказаў дацэнт Яўрэйскага ўніверсітэта ў Ерусаліме, ваенны гісторык Дані Орбах, адказваючы на пытанне, чаму Нетаньяху спыніў свой выбар менавіта на Гофмане.

Генерал-маёр Арміі абароны Ізраіля стане 13-м кіраўніком адной з самых вядомых разведак свету. Раман Гофман зменіць на пасадзе кіраўніка «Мосада» Давіда Барнеа, паўнамоцтвы якога заканчваюцца ў чэрвені 2026 года. З траўня 2024-га і па сёння Гофман займае пасаду ваеннага сакратара Нетаньяху.

У ізраільскіх СМІ яго называюць «найбольш уплывовым дарадцам прэм’ер-міністра падчас вайны» супраць ХАМАС. Хоць Гофман ніколі не працаваў у «Мосадзе», ён, паводле слоў самога Нетаньяху, цесна супрацоўнічаў з гэтай разведслужбай у якасці памочніка прэм’ер-міністра.

Паводле Дані Орбаха, Нетаньяху прызначыў Гофмана кіраўніком «Мосада», бо хоча, каб той праводзіў яго палітыку ў спецслужбах.

«Нетаньяху доўгі час адчуваў, што сістэма настроеная супраць яго. Ён давярае Гофману, свайму ваеннаму сакратару», — сказаў Орбах.

Раман Гофман нарадзіўся ў Мазыры. У 1990 годзе ва ўзросце 14 гадоў ён разам са сваёй сям’ёй рэпатрыяваўся ў Ізраіль. Там ягоная вайсковая кар’ера пачалася ў бранятанкавых войсках.

Браў удзел у баях з ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года, тады ж быў цяжка паранены. У красавіку 2024-га Гофмана вырашылі прызначыць на пасаду ваеннага сакратара прэм’ер-міністра Ізраіля. У траўні таго ж года ён атрымаў званне генерал-маёра ЦАХАЛа.

Паводле яго слоў, Раман Гофман мае вельмі добрую рэпутацыю ў ізраільскіх вайсковых колах. Дані Орбах параўнаў яго з «адным з найлепшых кіраўнікоў «Мосада» — Меірам Даганам.

«Гофмана ведаюць як вельмі настойлівага і смелага чалавека, які моцна адрозніваецца ад генералаў-бюракратаў, якіх, прынамсі паводле меркавання Нетаньяху, вельмі шмат у ізраільскіх узброеных сілах», — дадаў Дані Орбах.

У Ізраілі распаўсюджана меркаванне, што спецслужбы дапусцілі сур’ёзны пралік у дзень тэрактаў 7 кастрычніка 2023 года, нагадаў эксперт.

«І паколькі яны пацярпелі няўдачу, патрэбны хтосьці звонку, хто паставіць правільныя пытанні», — адзначыў суразмоўца RTVI

У якасці прыкладу Орбах прывёў прызначэнне на пасаду кіраўніка ізраільскай контрвыведкі «Шын-Бет» галоўнакамандуючага ВМС Ізраіля Амі Аялона. Ён заняў гэтую пасаду ў 1996 годзе пасля рэзананснага забойства прэм’ер-міністра Іцхака Рабіна.

«Аялон склікаў усіх начальнікаў аддзелаў на нараду і сказаў ім: «Я нічога не ведаю пра разведку. Я адмірал ваенна-марскога флоту. Я хачу, каб вы мяне навучылі. Таму зараз я хачу, каб вы патлумачылі мне, чым вы займаецеся. Пры гэтым я хачу пачуць ад вас, у чым прычына кожнага вашага дзеяння. Адзінае, чаго я не хачу чуць, гэта: «Мы будзем працягваць рабіць гэта, таму што так мы рабілі заўсёды»», — расказаў Орбах.

На думку эксперта, менавіта такі падыход Нетаньяху і хоча прымяніць да «Мосада»: з дапамогай чалавека «звонку» перагледзець некаторыя фундаментальныя асновы працы спецслужбы.

У той жа час Орбах лічыць некарэктным праводзіць прамыя аналогіі паміж прызначэннем Гофмана ў «Мосад» і прызначэннем Піта Хегсэта — як яшчэ адной «паза-сістэмнай» фігуры — у Пентагон.

«Хегсэт быў хутчэй медыйнай асобай, а Гофман быў і застаецца ваенным генералам. Таму гэта не проста хтосьці без досведу», — падсумаваў Орбах.

Раман Гофман стане першым за апошнія амаль 15 гадоў дырэктарам «Мосада», які нарадзіўся па-за межамі Ізраіля. Таксама, у адрозненне ад трох яго апошніх папярэднікаў, Гофман стане руcкамоўным кіраўніком ізраільскай разведкі.

Аднак падобныя прэцэдэнты за амаль 80-гадовую гісторыю «Мосада» былі. Другі дырэктар спецслужбы Ісэр Харэль (Ізраіль Гальперын) быў ураджэнцам Віцебска, які ў 1912 годзе ўваходзіў у Расійскую імперыю. Яго пераемнік Меір Аміт, хоць і нарадзіўся ў 1921 годзе ў Палестыне, але крыху ведаў рускую мову — яго бацькі прыбылі на Святую зямлю з Харкава праз Феадосію, а сам ён быў дваюрадным братам савецкага паэта Барыса Слуцкага.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках