Сумы ў жыроўках шакавалі «дармаедаў»
9- 11.12.2025, 13:37
- 3,520
Наколькі ў гэтым годзе падаражэлі паслугі ЖКГ?
Беларусы здзівіліся сумам у квітанцыях за камунальныя паслугі за кастрычнік. Вялікія сумы былі звязаныя са змяненнямі для «дармаедаў». Аднак і для астатніх у гэтым годзе жыллёва-камунальныя паслугі сталі істотна даражэйшыя. Тарыфы на іх з пачатку года выраслі ў 1,8 раза больш, чым у сярэднім была інфляцыя, піша «Зеркало» (https://news.zerkalo.io/economics/115631.html?c).
За студзень—лістапад гэтага года інфляцыя склала 6,5%. А кошт камунальных паслуг за гэты час вырас на 12,22%.
Найбольш павялічыліся тарыфы на каналізацыю — на 24%, вываз смецця з пачатку года падаражэў на 20%. Амаль на 19% вырас кошт халоднай вады, а гарачай — на 10%.


Менш за ўсё падаражэў газ — на 0,45%.
Нагадаем, чыноўнікі з кастрычніка ўвялі больш жорсткія ўмовы для беларусаў, якія маюць жыллё і трапілі ў базу «дармаедаў». Гэтае новаўвядзенне адбілася на жыроўках. Людзей гэта абурыла — многія не чакалі такога росту кошту камунальных паслуг.
Тым часам урад мае намер да 2029 года давесці тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі да эканамічна абгрунтаваных, за выключэннем ацяплення і падагрэву вады. Гэта азначае, што такія паслугі для беларусаў стануць даражэй.