11 снежня 2025, Чацвер, 15:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША захапілі паблізу Венесуэлы танкер, звязаны з нафтавым магнатам з «ДНР»

1
ЗША захапілі паблізу Венесуэлы танкер, звязаны з нафтавым магнатам з «ДНР»

На момант увядзення ў эксплуатацыю судна было адным з найбуйнейшых у свеце.

ЗША захапілі танкер The Skipper (раней — Adisa) каля ўзбярэжжа Венесуэлы, паведамляе CBS News са спасылкай на тры крыніцы, знаёмыя з аперацыяй. Паводле звестак крыніц, аперацыя пачалася раніцай у сераду, неўзабаве пасля таго, як танкер выйшаў з венесуэльскага порта. Аперацыю праводзілі з удзелам авіяносца USS Gerald R. Ford, верталётаў, байцоў сіл спецаперацый, Берагавой аховы ЗША і марской пяхоты. Генпракурор ЗША Пэм Бонді апублікавала відэа, дзе ўзброеныя супрацоўнікі спускаюцца на палубу судна па канату з верталёта. Паводле яе слоў, ЗША выканалі ордэр на арышт, паколькі танкер «выкарыстоўваўся для перавозкі падсанкцыйнай нафты з Венесуэлы і Ірана». Згодна з данымі венесуэльскай нафтавай кампаніі PDVSA, з 2021 па 2022 год судна перавозіла нафту ў Азію.

Гэтыя дзеянні прывялі да рэзкага абвастрэння напружанасці паміж Вашынгтонам і Каракасам. Каракас у адказ назваў захоп судна «бессаромным рабаваннем і актам міжнароднага пірацтва» і паабяцаў звярнуцца ў міжнародныя інстанцыі. На пытанне пра далейшы лёс нафты прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сказаў: «Мы пакінем яе сабе».

Паводле дадзеных Міністэрства фінансаў ЗША, The Skipper унеслі ў санкцыйныя спісы яшчэ ў 2022 годзе за ўдзел у буйной сетцы паставак нафты, якая дапамагала фінансаваць Корпус вартовых ісламскай рэвалюцыі Ірана і групоўку «Хезбала». Па версіі OFAC, удзельнікі схемы змешвалі іранскую нафту з сыравінай іншага паходжання ў порце Шарджа (ААЭ), пасля чаго прадавалі па падробленых дакументах. У схеме ўдзельнічалі 17 кампаній і 11 танкераў. Мінфін ЗША ўказваў, што Adisa ўваходзіць у групу суднаў, якія кантралююцца нафтавым магнатам Віктарам Арцёмавым. Ён, паводле даных украінскага выдання Espreso, з'яўляецца ўкраінцам і нарадзіўся ў Данецку. Паводле даных Вашынгтона, звязаныя з ім фірмы маглі ўдзельнічаць у перавозцы сыравіны з Венесуэлы і Расіі, а таксама ў пастаўках паліва ў кантраляваную Расіяй «ДНР». Bloomberg фіксаваў удзел флоту Арцёмава і ў аперацыях па перагрузцы расійскай нафты ў адкрытым моры, каб схаваць яе паходжанне.

Захоплены танкер кіруецца зарэгістраванай у Нігерыі кампаніяй Thomarose Global Ventures і належыць структуры, звязанай з Арцёмавым. Судна даўжынёй 333 метры, пабудаванае ў 2005 годзе пад імем The Toyo, на момант увядзення ў эксплуатацыю было адным з найбуйнейшых танкераў у свеце. Арганізацыя UANI, якая маніторыць абыход санкцыйнага рэжыму, сцвярджае, што частка суднаў, звязаных з Арцёмавым, перавозіла венесуэльскую нафту, уключаючы танкер Adisa.

Украінскае выданне Espreso называла Арцёмава адным з піянэраў украінскага паліўнага рытэйлу: з 1998 па 2006 год ён узначальваў сетку АЗС «Альфа-Ойл» з 300 запраўкамі. Пасля ён перабраўся ў Швейцарыю, дзе стварыў кампанію Ava Petroleum Services разам з грамадзянінам Германіі Віталіем Вайнштэйнам і грамадзянінам Швейцарыі Грэгорыа Фаццоне. Вайнштэйн раней уваходзіў у групу памочнікаў украінскага дэпутата Аляксандра Гранаўскага, якога Вышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны завочна арыштаваў па падазрэнні ў арганізацыі карупцыйных схем.

У 2019 годзе СБУ распачала крымінальную справу, у якой кампанія Арцёмава фігуравала як структура, патэнцыйна датычная да незаконных паставак паліва для «Мінабароны ДНР». Суд указваў, што дзейнасць магла весціся праз «Альфа Энерджы», «Украінскую паліўную кампанію Днепр» і Ava Petroleum Services.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках