У Беларусі перагледзелі льготы для электрамабіляў
- 11.12.2025, 23:40
Бясплатнай паркоўкі больш не будзе.
У Беларусі перагледзелі льготы і прэферэнцыі па «электрамабілях» і зарадных станцыях. Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які ўносіць змены ў дакумент 2020 года «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў», піша БелТА.
Згодна з новым распараджэннем льготы па ПДВ і інвестыцыйным адлічэнні на электрамабілі падаўжаюцца да 31 снежня 2028 года.
Але адно паслабленне для электрамабіляў новы ўказ усё ж такі скасовуе. Гаворка пра права на бясплатную паркоўку – цяпер у кіроўцаў электрамабіляў такой магчымасці не будзе.
Прэферэнцыі для ўстаноўкі і абслугоўвання зарадных станцый цяпер дзейнічаюць бестэрмінова.
«РУП «Белтэлекам» вызначана другім аператарам, які будзе ажыццяўляць будаўніцтва і абслугоўванне павольных зарадных станцый магутнасцю да 44 кВт», – пракаментавалі ў прэс-службе дыктатара.
Першым дзяржаўным аператарам была «Беларуснафта».
Забудоўшчыкам надаюцца правы на перадачу зарадных станцый і аб’ектаў электрычных сетак дзяржаўным аператарам для іх далейшай эксплуатацыі на безузмезнай аснове.