Уладзіслаў Калячонак будзе выступаць за «Бостан»
- 17.12.2025, 19:15
Кантракт беларускага абаронцы разлічаны да канца сезона.
Клуб Нацыянальнай хакейнай лігі «Бостан Бруінз» забраў 24‑гадовага абаронцу зборнай Беларусі Уладзіслава Калячонка з драфту адмоваў, куды раней яго выставіў «Далас Старз», піша «Беларускі хакей».
Калячонак перайшоў у «Бостан» без якой-небудзь кампенсацыі. У выпадку адсутнасці заявак ён павінен быў адправіцца ў фарм-клуб «Даласа».
У бягучым сезоне НХЛ 23‑гадовы абаронца правёў 11 матчаў за «Старз», набраў 3 (1+2) ачкі і завяршыў адрэзак з паказчыкам карыснасці «+3».
Усяго ў НХЛ Уладзіслаў Калячонак згуляў 85 матчаў, выступаючы за «Арызону», «Юту», «Пітсбург» і «Далас». На яго рахунку 17 (5+12) ачкоў.
Кантракт беларускага абаронцы разлічаны да канца сезона з заробкам $775 000.
На дадзены момант у «Бостане» ў лазарэце знаходзяцца адразу чатыры абаронцы, што паўплывала на рашэнне клуба ўзмацніць лінію абароны за кошт драфту адмоваў.
«Бостан» з 38 баламі ў 33 матчах займае восьмае месца ва Усходняй канферэнцыі НХЛ.
У гэтым сезоне ў НХЛ, акрамя Калячонка, гуляюць яшчэ трое беларусаў: Аляксей Пратас («Вашынгтон»), Ягор Шаранговіч («Калгары»), Арцём Ляўшуноў («Чыкага»). Ілля Салавёў («Каларада») і Мікіта Толапіла («Ванкувер») былі адпраўленыя сваімі клубамі ў АХЛ.