17 снежня 2025, Серада, 22:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Еўрапарламенце заклікаюць узмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

2
У Еўрапарламенце заклікаюць узмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

За гібрыдныя атакі супраць Літвы.

Мэта гібрыдных атак Беларусі супраць Літвы — падарваць бяспеку ўсяго Еўрапейскага саюза і пасеяць страх сярод яго дзяржаў-членаў, таму Брусэль павінен безадкладна ўвесці дадатковыя санкцыі супраць беларускага рэжыму. Пра гэта казалі ўдзельнікі дэбатаў, што адбыліся ў Еўрапарламенце 16 снежня, перадае DW.

«Гэтыя атакі маюць выразную мэту: прынізіць ЕС, НАТА, літоўскую дзяржаву, пасеяць сумневы і ўзмацніць пачуццё небяспекі. Гэтыя атакі — выпрабаванне нашай еднасці. І наш адказ павінен быць цвёрдым: санкцыі, якія павінны станавіцца яшчэ больш жорсткімі», — заявіў літоўскі дэпутат ад групы «зялёных» Віргініюс Сінкявічус.

Паводле інфармацыі еўракамісара па ўнутраных справах і міграцыі Магнуса Брунэра, які ўзяў удзел у дэбатах, толькі сёлета літоўскія ўлады зафіксавалі ў сваёй паветранай прасторы каля 600 метэразондаў і 200 дронаў, што прыляцелі з Беларусі. Брунэр заявіў, што гэтыя наўмысныя атакі «з'яўляюцца толькі часткай больш шырокай гібрыднай кампаніі беларускага рэжыму супраць Літвы і павінны неадкладна спыніцца».

Ён нагадаў, што на гэтым тыдні Савет ЕС зацвердзіў новыя крытэрыі для ўвядзення санкцый супраць фізічных асоб і прадпрыемстваў Беларусі, датычных да гібрыдных атак. Акрамя санкцый, Еўракамісія таксама выдзеліла 150 мільёнаў еўра на закупку беспілотнікаў для паветранага назірання на знешніх межах ЕС, а таксама рыхтуецца прадаставіць дадатковыя 250 млн еўра на закупку беспілотнікаў і сродкаў супрацьдзеяння ім для пагранічнага кантролю.

Літоўскі еўрадэпутат ад групы лібералаў Пятрас Аўштрэвічус вырашыў наглядна прадэманстраваць калегам, як выглядаюць метэразонды, што атакуюць Літву з Беларусі. «Вось як ён выглядае, калі не напоўнены паветрам, — сказаў Аўштрэвічус, паказваючы з трыбуны невялікі пакет. — Ён зроблены ў Кітаі і вельмі небяспечны для нас усіх». Еўрадэпутат паведаміў, што за апошнія два месяцы вільнюскі аэрапорт прыпыняў сваю працу з-за наплыву метэразондаў з Беларусі 19 разоў, у сярэднім ад чатырох да шасці гадзін, што «створвае пагрозу для грамадзянскай авіяцыі, крытычнай інфраструктуры і чалавечых жыццяў».

Чэшскі еўрадэпутат ад Еўрапейскай народнай партыі Ондржэй Коларж упэўнены: адной з галоўных прычын атак на Літву з'яўляецца тое, што гэта краіна дала прытулак вялікай колькасці палітычных уцекачоў ад рэжыму Лукашэнкі. Паводле яго слоў, гэтыя атакі добра спланаваныя і скаардынаваныя і ўключаюць «выкарыстанне мігрантаў, кампаніі дэзінфармацыі, кібератакі, дыверсіі, інцыдэнты з беспілотнікамі і многае іншае, каб дэстабілізаваць наша грамадства і праверыць еднасць Еўропы».

Еўрадэпутаты віталі вызваленне ўладамі Беларусі больш як ста палітычных зняволеных, але пры гэтым падкрэслівалі, што яшчэ тысячы вязняў рэжыму застаюцца ў турмах. Літоўская еўрадэпутатка ад Еўрапейскай народнай партыі Раса Юкнявічэне крытычна ацаніла рашэнне ЗША аслабіць санкцыі ў дачыненні да Мінска ў абмен на вызваленне групы палітвязняў. «Я не веру ў дамоўленасці з дыктатарам, таргоўля зняволенымі — гэта бізнэс для Лукашэнкі», — папярэдзіла Юкнявічэне.

Яе падтрымаў дэпутат ад групы лібералаў Дайнюс Жалімас, які заклікаў «не ісці за дыпламатыяй Трампа, што ахвяруе доўгатэрміновымі мэтамі дзеля кароткатэрміновых, зваратных саступак». Любы перагляд санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі павінен залежаць ад выканання канкрэтных умоў, перакананы палітык. «Толькі ўстойлівыя змены, уключаючы павагу да правоў чалавека і спыненне падтрымкі вайны Расіі супраць Украіны, могуць апраўдаць перагляд санкцый», — заявіў палітык.

Польскі еўрадэпутат-ліберал Міхал Кобоска абурыўся тым, што «зусім нядаўна Лукашэнка сцвярджаў, што нічога не ведае пра метэразонды». «А цяпер мы бачым, як ён вядзе перамовы з адміністрацыяй ЗША і дае абяцанні, што паветраная прастора больш не будзе парушацца». Кобоска таксама папярэдзіў пра небяспечную тэндэнцыю ў міжнароднай палітыцы, калі «бяспека еўрапейскіх краін выкарыстоўваецца як разменная манета, а перамовы вядуцца над нашымі галовамі, без нашай згоды».

Салідарнасць і падтрымку Літве ад імя Эстоніі выказала членкіня групы сацыялістаў, якая прадстаўляе гэтую краіну, Марына Кальюранд. Пры гэтым яна падкрэсліла, што гібрыднымі атакамі Беларусі супраць краін ЕС кіруе Масква. «Расія і Беларусь — два бакі адной манеты. Акрамя гібрыдных атак, якія ідуць з Беларусі, мы бачылі расійскія знішчальнікі ў паветранай прасторы Эстоніі, дзесяткі беспілотнікаў у Польшчы і Румыніі, выкарыстанне мігрантаў на фінскай мяжы, дыверсіі ў Балтыйскім моры», — пералічыла еўрадэпутатка.

Яна заклікала ЕС уключыць прыярытэты забеспячэння бяспекі ўсходніх межаў у наступны доўгатэрміновы бюджэтны план Еўрапейскага саюза (MFF).

Прадстаўнікі крайніх правых палітычных груп Еўрапарламента ўдзел у дэбатах не бралі. Галасаванне па рэзалюцыі «Працягваюцца беларускія гібрыдныя атакі супраць Літвы» адбудзецца ў чацвер, 18 снежня.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках