Лукашэнка баіцца ўласнай цені
2- Кірыл Іваноў «Салідарнасць»
- 18.12.2025, 9:57
- 7,488
У дыктатара чарговы прыступ параноі.
Напярэдадні правядзення чарговага «Усебеларускага народнага сходу» кіраўнік МУС Іван Кубракоў паведаміў, што для пастаяннага кантролю за сітуацыяй і аб’ектамі інфраструктуры прыцягнуць сапёрна-піратэхнічныя групы, падраздзяленні па супрацьдзеянні беспілотнікам і задзейнічаюць інтэрнэт-маніторынг.
Асабовы склад пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы, усе будынкі, звязаныя з мерапрыемствам, будуць знаходзіцца пад кругласутачнай аховай.
Міністр падкрэсліў, што «сітуацыя можа змяняцца вельмі хутка, таму асабовы склад павінен быць гатовы аператыўна рэагаваць на любыя, у тым ліку нестандартныя, сітуацыі».
Нагнятанне атмасферы напярэдадні правядзення «хуралу» — не навіна. Год таму на «забеспячэнне бяспекі» на кожнага дэлегата выдзелілі па тры сілавікі. Былі і сапёры, і групы хуткага рэагавання, якімі кіраваў аператыўна-сітуацыйны штаб.
А калі заглыбіцца ў мінулае, дык уся гэтая гісторыя цалкам адпавядае папулярнай прыказцы «Як год сустрэнеш, так яго і правядзеш». Самы першы УНС таксама рыхтаваўся ў рэжыме асаджанай крэпасці. Як і цяперашні сход, ён павінен быў засведчыць «усенародную падтрымку» Лукашэнку.
Але ёсць істотнае адрозненне паміж падзеяй трыццацігадовай даўніны і днём сённяшнім. Так, у кастрычніку 1996-га ў уладаў была такая ж надуманая падстава трывожыць беларусаў бранятэхнікай, спецназам і снайперамі, як і цяпер.
Але тады ў краіне была рэальная альтэрнатыва кіроўнаму рэжыму, якому давялося арганізаваць свой сход напярэкор Нацыянальнаму кангрэсу ў абарону Канстытуцыі, які аб’яднаная апазіцыя легальна праводзіла ў самым цэнтры Мінска.
Гэта быў час шматтысячных маніфестацый, які яшчэ не трансфармаваўся ў апазіцыйнае гета палітычных партый, аб’яднанняў і прафсаюзаў. А таксама шматтыражных незалежных газет.
Іншымі словамі, тады ў уладаў было кім «пужаць» народ, выставляючы сябе «абаронцамі» ад «правакацый і беспарадкаў», пагрозы «развалу краіны» і іншых напасцяў, народжаных прапагандай.
Сёння адзінай рэальнай пагрозай для беларусаў з’яўляюцца тыя, хто на штыках утрымлівае ўладу ў сваіх руках, запалохваючы людзей нават за намёк на нелаяльнасць. І з кожным разам такія «падрыхтоўкі» да чарговага акту дэманстрацыі «усенароднай любові» ўсё больш нагадваюць падрыхтоўку да бою з уласным ценем.
Кірыл Іваноў «Салідарнасць»