Ва Украіне перайменуюць грошы
15- 18.12.2025, 13:22
- 13,802
Вярхоўная Рада дала старт працэсу.
Вярхоўная Рада Украіны прагаласавала за перайменаванне капейкі на шаг. Адпаведны законапраект па дэсаветызацыі назвы разменнай манеты Украіны падтрымалі ў першым чытанні.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на трансляцыю пасяджэння парламента.
Што зменіцца
«За» аддалі свае галасы 264 народныя дэпутаты. Замена капейкі на шаг стане сімвалічным завяршэннем грашовай рэформы 1996 года.
Законапраектам, сярод ініцыятараў якога ёсць спікер ВРУ Руслан Сцяфанчук, прапануецца змяніць назву разменнай манеты з «капейка» на спрадвечна ўкраінскую — «шаг».
Слова «шаг», як дадаюць народныя дэпутаты, часта сустракаецца ў творах Шаўчэнкі, Лесі Украінкі, Котлярэўскага і іншых украінскіх класікаў.
У 1918 годзе Цэнтральная Рада выпускала разменныя грошы наміналам 10–50 шагаў. Яны выкарыстоўваліся ў звароце да 1919 года, пасля чаго былі адменены бальшавікамі.
«Гэтае рашэнне мае не толькі тэхнічны, але і сімвалічны сэнс. «Капейка» — спадчына маскоўскай імперыі і савецкага мінулага. Затое «шаг» — гістарычная ўкраінская назва, якая ўжывалася яшчэ за часоў Гетманшчыны і Украінскай Народнай Рэспублікі», — тлумачаць ініцыятары.
Змены, як адзначаюць у Радзе, не запатрабуюць дадатковых выдаткаў: манеты «капейка» і «шаг» пэўны час будуць знаходзіцца ў звароце адначасова, а суадносіны застануцца 1:1.
Што далей
Паводле дадзеных НБУ, у звароце ва Украіне знаходзяцца амаль 14 млрд манет.
Надалей плануецца выпуск толькі манет «50 шагаў» — цягам прыкладна 3–4 гадоў, у колькасці дзясяткаў мільёнаў штук. Усе астатнія наміналы будуць ад 1 грыўні і вышэй.
Што да законапраекта аб перайменаванні «капейкі» на «шаг», Вярхоўная Рада правяла дыскусію аб правядзенні дадатковага пленарнага пасяджэння 27 снежня. Адпаведную прапанову падтрымалі 241 народны дэпутат.
Такім чынам, у цэлым законапраект аб перайменаванні разменнай манеты народныя дэпутаты разгледзяць у другім чытанні ў наступную суботу.