19 снежня 2025, Пятніца, 1:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку і ўсіх астатніх можа чакаць вялікі сюрпрыз

20
Лукашэнку і ўсіх астатніх можа чакаць вялікі сюрпрыз
Фота: Getty Images

Чорныя лебедзі — птушкі непрадказальныя.

Узгадаем, колькі разоў за апошнія гады кіраўнік намякаў на свой сыход і заставаўся пры ўладзе.

У нядаўнім інтэрв'ю амерыканскаму тэлеканалу Newsmax TV Аляксандр Лукашэнка назваў сябе «сыходзячым прэзідэнтам»:

— Я часта пра гэта кажу. Я не хачу, каб праблемы, якія ўзніклі ў перыяд майго кіраўніцтва краінай, былі перакладзеныя на новае пакаленне. Кожнае пакаленне павінна само вырашаць свае праблемы, — перадае словы кіраўніка БелТА ў сваёй відэаверсіі гэтай размовы.

Паданне свежае, але не верыцца зусім. Словы пра тое, што Лукашэнка гатовы адмовіцца ад улады, беларусы чуюць рэгулярна ледзь не ўсе апошнія трыццаць гадоў.

Ды што там далёка хадзіць — літаральна ў студзені 2025 года, выступіўшы з палітычнымі заявамі ў Лагойску, у храме Святога Мікалая Цудатворца, кіраўнік паабяцаў «ціха, спакойна перадаць гэтую ўладу новаму пакаленню».

Больш за тое, за адзін толькі навагодні тыдзень Лукашэнка тройчы анансаваў змену пакаленняў. Пра магчымы транзіт загаварыла нават прапаганда.

А 26 студзеня, у поўным супярэчанні з папярэднімі прамовамі, ён трыумфальна «перамог» на так званых «прэзідэнцкіх выбарах» і працягнуў кіраванне Беларуссю яшчэ на адзін тэрмін.

У лістападзе і ў жніўні 2024-га: «Вы павінны прывыкаць да таго, што прэзідэнт будзе іншы».

У сакавіку 2023-га ў пасланні парламенту і народу: «Мой век заканчваецца, і ніякія канстытуцыі пад сябе я рабіць не буду».

У жніўні 2021-га падчас прамой лініі: «Не трэба здагадвацца, калі сыдзе Лукашэнка і гэтак далей. Вельмі хутка», а ў лістападзе — «Калі хтосьці думае, што я ўчапіўся за крэсла (і рукі ўжо пасінелі), каб мяне тут не адарвалі ад яго, вы проста памыляецеся».

Шмат разоў Лукашэнка абяцаў сысьці ў 2020-м. І больш за дзясятак разоў да гэтага, пачынаючы яшчэ з пачатку 2000-х.

Рэфрэн «я за ўладу не чапляюся і сыду — як толькі, так адразу» настолькі паістрыпаўся ад частага ўжывання, што наўрад ці ў яго верыць хоць хто-небудзь з любога боку — уключаючы і самога аратара.

Нават калі той пачне паказваць карты і клясціся кавалкам зямлі, і яшчэ на біс паўторыць для дэлегатаў «Усебеларускага народнага сходу» казку пра белага бычка, то бок, даруйце, пра сінія пальцы, якімі, маўляў, ніхто за ўладу не трымаецца.

Аднак натуральны ход рэчаў і банальнае старэнне ніхто не адмяняў. А чорныя лебедзі — птушкі непрадказальныя і сваёвольныя, прылятаюць раптоўна. Таму і кіраўніка з яго найбліжэйшым атачэннем, настроеным на спакойны транзіт дзесьці ў будучых пяцігодках, і ўсіх астатніх можа чакаць вялікі сюрпрыз.

Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках