Зяленскі выступіў супраць змянення Канстытуцыі Украіны ў дачыненні да НАТА
2- 18.12.2025, 17:40
- 2,840
Кіеў не будзе змяняць свой курс.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі усведамляе амерыканскую блакаду шляху Украіны ў НАТА, але не лічыць неабходным змяняць канстытуцыйны курс на ўступленне ў Альянс.
Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі пасля наведвання пасяджэння Еўрапейскага савета, паведамляе з Брусэля карэспандэнт «Еўрапейскай праўды».
Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што амерыканскі скепсіс адносна Украіны ў НАТА з’явіўся яшчэ пры папярэдняй адміністрацыі ЗША. Ён, у прыватнасці, заявіў, што «наўпрост задаваў пытанне, ці можа Украіна быць у НАТА» экс-прэзідэнту Байдэну.
«Гэта было яшчэ да (поўнамаштабнай) вайны. Прэзідэнт Байдэн мне сказаў: «Не, вы не будзеце ў НАТА». Я вяртаўся да гэтага пытання кожны раз, і ў кагосьці ў Белым доме гэта ўжо выклікала ўсмешкі», — падзяліўся ён.
З тлумачэнняў Зяленскага таксама вынікала, што яму не прыводзілі аргументаў супраць сяброўства Украіны ў НАТА.
«Я не разумею, калі мне кажуць, маўляў, мы ў прынцыпе не супраць, але вы не будзеце ў НАТА. Бо гэта азначае, што хтосьці супраць. І трэба шчыра казаць, хто супраць», — заявіў ён.
Раней Украіна неаднаразова выказвала меркаванне, што рэальнай крыніцай вета на рух Украіны ў НАТА з’яўляецца Расія, просьбы якой задавальняюць асобныя дзяржавы-саюзнікі. У Бруселі ён гэтага ўдакладняць не стаў.
Разам з тым, Уладзімір Зяленскі нагадаў, што мэта ўступлення Украіны ў НАТА замацаваная ў Канстытуцыі.